Ужо некалькі год назіраю за змяшчэннем фокуса ўвагі карных ворганаў у плане палітычных рэпрэсій. Доўгі час слова “экстрэмізм” карысталася рэдка, і не мела выразнага прававога статусу. У цэнтры увагі былі апазіцыйныя партыі і іхняя “маладзёжка”. ЗУБРы, БУНТы, МФ, Моладзь БНФ, “За свабоду” і іншыя. Зараз сітуацыя змянілася кардынальна. Па дзяржСМІ і ад міліцыі толькі і чуваць “экстрэмісты, экстрэмісты, экстрэмісты!” Цэлае ўпраўленне ГУБАЗіК і адчувальная частка КДБ працуе на барацьбу з нефармальнымі моладзевымі рухамі\групоўкамі (анархісты найперш, несістэмныя нацыяналісты, футбольныя фанаты, маргінальныя неанацысты, язычнікі). З чым гэта звязана? Я выдзяляю два галоўных аспекты:
1. Аслабленне апазіцыі. Перш за ўсе з-за міжнароднай кан’юнктуры і рэзкага зніжэння фінансавання. Перастаюць спансаваць нават такіх монстраў як Хартыя-97, то аб чым ужо казаць. Паколькі бОльшая частка сістэмнай апазіцыі прадстаўляе будзь-якую пагрозу толькі пры наяўнасці шчодрага фінансавання, то няма фінансавання – няма пагрозы.
Акрамя таго за 25 год дыктатуры апазіцыя выдатна ўбудавалася ў Сістэму, абстаўленая чырвонымі флажкамі і, збольшага, камфортна ў іх існуе. Інстытуцыяналізавалася ў тых рамках, што есць, і не імкнецца змяніць правілы гульні.
2. Майдан. Вялізную ролю ў ім адыгралі футбольныя фанаты і, увогуле, самаарганізаваныя НЕпалітычныя супольнасці. Аналітыкі з КДБ і ААЦ адразу ж экстрапалявалі сітуацыю на Беларусь. А тут і анархісты з кактэйлем молатава, і сотні фанатаў з накачанымі біцухамі, якім толькі дай нешта штурмануць. І пачалі душыць.
Прааналізаваўшы адкрытыя крыніцы, зараз дакладна магу сцвярджаць: пачынаючы прыкладна з 2015-га году пачалася сістэмная праца па барацьбе з «экстрэмізмам». Праца ідзе па загадзя загатоўленаму плану. Асноўныя высілкі – на моладзь. Гэта і неаднаразовае ўзмацненне “Закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, і правядзенне профільных семінараў для педагогаў, і развешванне па інтэрнатах пужалак для студэнтаў. Сайт амаль кожнай навучальнай установы зараз мае старонку, прысвечаную “супрацьдзеянню экстрэмізму”. Некаторыя адпальваюць па поўнай. Напрыклад, на сайце 11-й школы г.Бабруйска да экстрэмізма аднесенае “публичное ложное обвинение лиц, занимающих государственные должности”. Дзяржаўныя “даследчыкі” пішуць цэлыя манаграфіі аб прычынах “моладзевага экстрэмізма” .
Яшчэ была такая смешная «даследчыца» Алла Веруш. Магла б быць нармальнай шэранькай мышкай, але вырашыла напісаць артыкул аб злых беларускіх анархістах (асноўны пасыл: МУС недастаткова нас прасуе) і стала знакамітасцю. Анархісты вырашылі зрабіць расследаванне пра яе, і зараз пры пошуку ў Гугле гэта першае, што аб ёй вылазіць. Пачытайце, вельмі цікава: (спойлер – дачка барацьбіткі з экстрэмізмам посціла свастыкі і жарты пра спаленых габрэяў на сваёй старонцы).
З навуковага пункту гледжання ўсе іхнія даследванні вельмі пасрэдныя і нецікавыя. Навізны – ноль. Што таго, што робіць міліцыя і Мінадукацыі ў навучальных установах, то моладдзю гэта будзе ўспрымацца як яшчэ адна сумная абязалаўка, якую трэба выслухаць і распісацца. Сухая бюракратычная фігня, ніхто такое нават чытаць па сваёй волі не будзе.
Аднак тут важны сам факт таго, што такая праца вядзецца. Бо ёсць і трывожныя званочкі. Напрыклад выпадак у Магілеве, калі ў рамках прафілактычных мерапрыемстваў супраць экстрэмізму вучняў спрабавалі абавязаць даць логіны і паролі ад сваіх старонак ВК.
Ва ўсім гэтым бачны, вядома, вялікі закос пад Расію. Бо там рэпрэсіўная база ўжо адпрацаваная, трэба толькі пераняць фармулёўкі, адаптаваць пад нашыя рэаліі і можна працаваць.
Барацьбу за моладзь яны прайгралі. Выйграў жа яе інтэрнэт, у якім Мы – экстрэмісты і барацьбіты за свабоду, прадстаўленыя куды лепей, чым сілы рэакцыі. Яны гэта выдатна разумеюць, і адтаго – спробы навярстаць страчанае. Тым не меней, разнявольвацца рана. Наперадзе ў нас вялікая бітва за свабоду слова. Я так думаю.
#яэкстрэміст
#яэкстремист