Чытаю зараз артыкул Дэвіда Грэбера “Новыя анархісты”, які прысвечаны нізавым антысістэмным рухам у ЗША. Аказваецца, там выпрацавана вельмі шмат інструментаў, каб нават у вялікіх групах прымаць рашэнні па прынцыпу кансэнсусу: калі працэс і вынік задавальняе ўсіх, і нічыё меркаванне не можа быць адсунута ў бок. Гэта і “акварыюм” і метады фасілітацыі, і разбіццё на афініці-групы. Прапануецца нават увядзенне асобных чувакоў які я б сачылі за атмасферай у групе. Важная асаблівасць кансэнсусу: любы ўдзельнік групы можа заблакаваць прыняцце любога рашэння.
Ведаю, што вялікая колькасць анархістаў лічыць кансэнсус адзіна магчымым спосабам прыняцця рашэнняў у анархісцкіх групах. Маўляў астатнія – недастаткова анархічныя. Але я з гэтым нязгодны. І вось чаму.
Кансэнсус стаіць на тым, што ўсе меркавання аднолькава цэнныя. З гэтага выцякае прынцып, што 1 чалавек можа заблакаваць рашэнне, якія ўхваляе 99. Аднак не ўсе меркаванні аднолькава цэнныя. Есць меркаванні больш цэнныя і менш цэнныя. Кожны чалавек мае права выказацца, быць пачутым і не быць асмеянным\прыніжаным за свае меркаванне. Але гэта не робіць кожнае меркаванне роўным з іншымі. Прычына простая: людзі ня роўныя па сваіх здольнасцях і магчымасцях.
Прывяду прыклад. Супольнасць вырашае, ці не выдзеліць грошы нейрахірургам на асваенне новай методыкі аперавання. Усе за. Але Мікола Дзядок блакуе выдзяленне грошай. На думку Міколы Дзядка, які перад гэтым прачытаў артыкул пра нейрахірургію на Вікіпедыі, гэты мэтад занадта небяспечны (адсотак выжываемасці толькі 80%), таму выкарыстоўваць яго ня варта – рызыка смерці пацыента занадта высокая. Усе аргументы нейрахірургаў пра мэтаздольнасць, статыстычныя выкладкі, расказы аб перспектывах разбіваюцца аб міколінае “не” (дарэчы, магчыма, адзін з вядучых нейрахірурагў проста аднойчы нахаміў Міколе Дзядку ў тралейбусе – вось ён і адыгрываецца).
Жарты жартамі, але асабістая практыка паказвае, што ў анархісцкіх групах, якое б не было адзінадушша наконт рашэння і ягоная аргументаванасць, амаль заўседы знойдзецца 1 чалавек, здольны адправіць на звалку ўсе думкі, аргументы і спадзяванні калектыву. Проста таму што ён\яна лічыць ГЭТАК!
Іншы прыклад. Супольнасць абмяркоўвае новыя правілы правядзення мітынгаў і шэсцяў. З 10 чалавек 9 галасуе за тое каб адмяніць усялякія правілы і дазволіць любыя лозунгі, шэсці, прыбраць міліцыянтаў і аўтазакі. Рашэнне патрымліваюць усе 9. Усе, акрамя аднаго – Ігара Шуневіча. Ён катэгарычна супраць і блакуе агульнае рашэнне. І можаце быць упэўненыя – ён будзе рабіць гэта да апошняга, колькі б яго не ўпрашвалі і колькі б аргументаў не прыводзілі. Проста таму што ён ненавіснік свабоды і садыст. Аднак згодна з прынцыпамі кансенсуса, ягонае меркаванне – такое ж цэннае як і меркаванне астатніх 9, і таму не можа быць абыйдзена
У кожнай групе, такім чынам, можа знайсціся (і вельмі часта знаходзіцца) чалавек, які альбо ад невуцтва, альбо па асабістых матывах, альбо з-за асаблівасцяў псіхікі, будзе рубіць мноігя рашэнні, сабатуючы тым самым працу групы.
Парадаксальна, але ў гэтым аўтарытарнаць кансенсуса. Воля 1 чалавека можа перавесіць волю 99. Такім чынам мізерная меншасць знішчае імкненні, спадзяванні і праекты абсалютнай большасці.
Вынікам гэтага, дарэчы, часта робіцца тое, што найбольш актыўныя сябры груп, людзі, якія часцей за ўсе праяўляюць ініцыятыву, крэатывяць, працуюць над стварэннем новага, проста выгараюць і перастаюць прымаць удзел у групе – бо што толку, калі твае ідэі рубяцца адна за другой?
Калі ўзяць за два палярныя віды такія тыпы прыняцця рашэнняў як іерархічны і кансенсусны, то мы пабачым, што яны ўвасабляюць сабой 2 якасці. З аднаго боку – эфектыўнасць, з іншага – псіхалагічны камфорт удзельнікаў групы. Іерархічны тып прыняцця рашэнняў хуткі і эфектыўны. Сказана – зроблена, і кропка. Але ён плюе на індывідуальныя свабоды чалавека, бо разглядае яго як інструмент для выканання волі вышэйшага. Кансенсус ставіць псіхалагічны камфорт і задавальненне кожнага ў галаву ўгла (бо ў выніку ніхто не застаецца пакрыўджаным, нават самы экстравагантны удзельнік групы), але моцна прайграе ў эфектыўнасці. Бо любое рашэнне можа быць зарублена любым. Не кажучы ўжо што гэта – вельмі павольны спосаб, які вымагае гадзіны і нават дні для выпрацоўкі рэальнай праграмы дзеянняў. Але анархізм патрабуе эфектыўнасці, як не круці, бо па сваей прыродзе гэта канфрантацыйны рух. Ён супрацьстаіць варожаму атачэнню Сістэмы, якое праяўляецца на палітычным, эканамічным і культурных узроўнях. І дазволіць сабе цалкам забіць на эфектыўнасць мы не можам. Дарэчы, тут адразу на памяць прыходзіць прыклад Рэч Паспалітай, дзе ўсе рашэнні прымаліся шляхтай на Соймах, і кожны меў права вета, якое выкарыстоўвалася без дай нагоды. Як вынік: цалкам неэфектыўная сістэма дзяржкіравання, слабасць перад знешнімі пагрозамі і татальны разрыў больш эфектыўнымі і моцнымі суседзямі.
Таму сутнасць анархісціх метадаў прыняцця рашэння – у знаходжанні баланса між эфектыўнасцю і псіхалагічным камфортам чальцоў, пры максімальна магчымай дэмакратычнасці.
Мае меркаванне: кансенсус прымянімы ў групах памерам 5-10 чалавек, не болей. Зрэдку – у групах большага памеру, але толькі калі яны ўжо вельмі гамагенныя па ідэях і каштоўнасцях. У астатніх выпадках рашэнні мусяць прымацца альбо звышмажарытарным галасаваннем (з правам меншасці дыстанцыявацца, калі гэта магчыма, ад выканання прынятага рашэння), альбо па прынцыпу «кансэнсус -%», што значыць: для прыняцця рашэнне трэба кансенсус 90-95% удзельнікаў групы).
Галасаванне кшталту 50%+1 не канае ў любым выпадку, бо стварае вялізарную пагрозу цэласнасці групы (менавіта з-за такога прынцыпу прыняцця рашэнняў часта раскалваюцца буйныя іерархічныя арганізацыі).
Акрамя таго, давайце ўзгадаем, што ва ўсіх хрэстаматыйных буйных прыкладах пабудовы анархісцкага грамадства (Гуляйпольшчына, Каталонія, Чыяпас, Ражава) кансэнсусу месца не было, акрамя самага базавага ўзроўня (некалькі дамоў што побач стаяць). Таму якім бы не хацелася нам усім бачыць нашае ідэальнае грамадства: са 100%-й задаволенасцю усіх усім, з прадуманым і адказным меркаваннем кожнага і адсутнасцю дэструктыўных блокаў – давайце глядзець на рэчы рэальна і ставіць сабе рэальныя мэты. І не забывацца, у якім свеце мы жывем.
п.с. размовы “да тое быў проста недастаткова апгрейднуты канесус, ты не бачыў сапраўднага кансенсусу” прыроўніваю да “ў СССР быў неправільны сацыялізм, вось пры правільным…”