Забарона ВК ва Ўкраіне

Я гляжу тут палова беларускага фэйсбука падтрымала забарону ВК і аднакласнікаў. А як па мне гэткі крок – аўтарытарызм у чыстым выглядзе. Апраўданні выглядаюць нягегла: нацыянальная бяспека, вайна, людзі гінуць, яшчэ нешта… А зараз, як ВК забаранілі, то сепары перастануць абстрэльваць Аўдзееўку, да? Любы дыктатар заўсёды знойдзе міліён добрых і прыгожых апраўданняў для цэнзуры. А сапраўднай прычынай будзе толькі адна – не аддаць уладу нікому.
Замест таго, каб адказваць на прапаганду слушна і граматна пададзенай праўдай, яны пайшлі па шляху найменшага супраціву і узяліся за дзяржаўную дубінку, проста паўтараючы пуцінскі шлях развіцця.
 
А вось тое што многія нашыя дэмакраты гэта падтрымліваюць – трывожны званочак, які кажа аб тым, што прыдзі яны да ўлады, самі з радасцю забаранілі б усе, што замінае ім гэтую ўладу утрымліваць.
 
Тое ж самае і з забаронай каларадскай стужкі. Замест таго, каб змагацца з прычынай, змагаюцца з наступствамі, даюць повад усім праціўнікам Украіны казаць, што яны нічым не лепш за рашку. Ды і ў рашцы, здаецца, яшчэ не дадумаліся штрафаваць за нашэнне ўкраінскага сцяга.
 
Увогуле я супраць забароны любой сымболікі (каларадскіх стужак, серпоў-молатаў, свастык – неважна), і супраць любой інтэрнэт-цэнзуры. Дайце людзям самім разабрацца, чаго яны хочуць а чаго не хочуць. Патэрналізм і адсутнасць плюралізма – якраз гістарычныя рысы той самай імперыі, супраць якой вы, з вашых жа словаў, змагаецеся. І калі бяспецы вашай краіны пагражае спалучэнне колераў, значыцца вы аб сваей краіне занадта невысокага меркавання.
 
п.с. А ўвогуле. не выключаю, што за гэтым крокам стаяць інтарэсы праўкраінскіх алігархаў. Проста расчышчаюць інтэрнэт-рынак для сваіх пад звыклыя ўжо патрыятычныя воплі для насельніцтва.