Трошкі абурэння з нагоды Марша абураных беларусаў

 

… дакладней таго, што аб ім пішуць і кажуць некаторыя.

Пачытаў два артыкулы (на Партызане і Навінах) аб тым, як добрая палова нашых апазіцыйных партый адмаўляецца ад удзелу ў маршы. Божа мой, якія толькі нагоды не выдумляюць! І “людзей пад штрафы падставіць” хоча Статкевіч (а калі самі 5-7-10 гадоў таму падстаўлялі людзей не пад штрафы а пад дубінкі і суткі – было ок?), і “няма адпаведнага плану” (як быццам там захоп улады плануецца і ўсе павінна быць распісана па хвілінах, калі штурмаваць тэлефон, тэлеграф, пошту) і, гэта ўвогуле шэдэўр: “не вычарпаныя мірныя і законныя метады!”.

Апошняя фраза належыць не камусці а лідару “Гавары Праўду” Андрэю Дзмітрыеву.

Перш за ўсе ў мяне вызывае абурэнне, як ахвотна нашыя апазіцыйныя СМІ бяруць інтэрвью у чалавека, які АДКРЫТА СУПРАЦОЎНІЧАЕ З КДБ, і ў 2010 годзе здаў, зліў, падставіў, дэ-факта самалічна адправіў у турму шэраг людзей, ахвотна даючы паказанні на сваіх былых паплечнікаў. У яго, як ні ў чым не бывала, працягваюць браць каментары, кагосці дагэтуль цікавіць, што ён думае з той ці іншай нагоды. Хаця ў нармальным грамадстве людзям такога кшталту, здраднікі і падлецы, ім простам не ціснуць руку, не тое не размаўляюць. Імя яму і такім як ён – нечысць. НЕЧЫСЦЬ, яшчэ раз паўтараю.

Дык вось гэты чалавек, які быў завербаваны яшчэ ў 2010 годзе (калі не раней), і нават не скрывае свае сяброўства з карнікамі з КДБ, як толькі замаячыла перспектыва РЭАЛЬНАГА народнага пратэсту, фоткаецца з Качанавай і кажа на ўсе лады аб бесперспектыўнасці Маршу. Бачыце лагічны ланцужок? Ён настолькі кароткі, што зразумець, адкуль ногі растуць, гэта як скласці 2 і 2. Да, канструктыўная апазіцыя – яна такая. А вы якую хацелі? На ўсе лады гэты персанаж рэкламуе звароты ў суд, і напісанне лістоў прэзідэнту (!). Больш за тое, выказвае спачуванне тым, хто можа пацярпець: “У людей и так денег нет, они не знают, как заплатить эти 200 долларов. А тут организаторы хотят, чтобы они заплатили еще 500 за участие в такой акции.” Ах, як кранальна! А дзе ты быў са сваім спачуваннем ўсе папярэднія годы? І чаму не казаў аб бесперспектыўнасці акцый кшталту “Праспект нацыянальнага сцягу” альбо “Узгадаем рэферэндум стопіцотгадовай даўніны”? То бок гэтыя акцыі – актуальнейшыя чым рабаўніцкія паборы з 450 тысяч беларусаў? Дзмітрыеў нават прадказвае, колькі людзей прыйдуць: “На Марш рассеженных белорусов выйдет примерно 200 человек – и власти будут иметь яркое свидетельство, что проблемы с налогом нет.”, тым самым падштурходвае не хадзіць тых, хто яшчэ не вызначыўся. Запускае чуткі, маўляў: вось-вось, зараз дэкрэт адменяць! Трэба толькі больш зваротаў! (http://naviny.by/article/20170216/1487256797-administraciya-prezidenta-opustela-chinovniki-uspokaivayut-rasserzhennyh)

Калі нашая ўлада баялася зваротаў? Што за смех? Можна было б падумаць, што гэта піша чэл з іншай планеты, калі б не ведаў, што гэта пішацца з цынічным і цвярозым разлікам: раскалоць праціўнікаў улады, пасеяць неўпэўненасць у тых, хто збіраўся ісці.

Канешне, Дзмітрыеву падатак на дармаедства не пагражае. Атрымліваючы заробак адначасова ў выглядзе грантаў з ЕС і заробку ў КДБ, можна ўвогуле не думаць пра нейкія там 20 базавых. І, у прынцыпе, было б пляваць на ягоныя словы, калі б яны з такім пастаянствам не рэтрансляваліся ў публічнай прасторы. У Гавары Праўду ж есць нейкія актывісты, якія працуюць за ідэю, раздаюць нейкія ўлёткі, ездзяць, штосці робяць, вераць, што робяць гэта да лепшага. І падпарадкоўваюцца таму, хто пры першым жа патрабаванні – і ён гэта даказаў – салье іх карнікам. Ён жыве за ваш кошт, хіба не разумееце?

Дарэчы, Дзмітрыеў не адзін такі палітык. Тут варта ўзгадаць і іншых – але не хочацца падымаць гэтую тэму. Калі будзе бурліць народны вір, калі людзі пачнуць штурмаваць адміністратыўныя будынкі, і, урэшце, дзесяткі тысяч адчуюць сябе вольнымі, а не беспраўным скатом, яны пачнуць: “Не трэба крыві! Мы супраць гвалту! Мы адзін народ! Трэба дамаўляцца! Давайце сядаць за стол перамоваў!” І сядуць – за вашымі спінамі. І будуць угаворваць нас “Не паддавацца на правакацыі”, бо “шчэ не вычарпаныя легальныя метады”. І будуць заклікаць да дыялогу з уладамі. Дыялогу, з якога атрымаюць профіт толькі яны. У якім вашыя лёсы будуць вырашаныя загадзя.

Не верце палітыкам, вось што. Паглядзіце гісторыю любой рэвалюцыі, ад Вялікай французскай да Майдана. Яны ўсе здраджваюць, яны ўсе зацікаўленныя не ў пераменах а ў тым, каб прыйсці да ўлады. І ўсе яны, канешне, пераважалі б, каб улада перайшла да іх мірна, каб не варта было рызыкаваць. Але так не заўсёды атрымліваецца, і таму мы патрэбныя ім як інструмент. Ніколі не забывайцеся аб гэтым і разлічвайце не на лідараў а на саміх сябе і сваіх сяброў. А лепей – самі рабіцеся лідарамі. А такіх як Дзмітрыеў ганіце сцанымі анучамі. Адусюль.