Нататкі з мінулага (працяг)

Чым больш грамадства насычана кроўю класавай барацьбы, тым лягчэй яго ўдзельнікі дабраахвотна расстаюцца з жыццём.

Лёгкасць, з якой змагары ахвяруюць сабой прама прапарцыянальная таму, колькі крыві было праліта непасрэдна перад імі. У спакойныя часы, які б моцны не быў прыгнёт, калі ён не прыводзіць да прамых і дэманстратыўных смерцяў прыгнечаных, то тых, хто жадае ахвяраваць сабой дзеля вызвалення, як правіла, няшмат, альбо няма ўвогуле. Гэта псіхалагічна цяжка – паміраць аднаму, паміраць тады, калі, фактычна, можна жыць. Зусім другі настрой авалодвае масамі ў часы сацыяльнага пад’ёму, рэвалюцыі, неспакою. Калі смерць вітае над натоўпам, адзін за другім паміраюць паплечнікі, самаахвяраванне робіцца нормай, каштоўнасць жыцця індывіда ў яго ж ўласных вачах падае адступаючы перад агульным інтарэсам. Менавіта гэтым тлумачыцца тое, што простыя грамадзяне, якія не надта цікавіліся палітыкай, чыя хата да пары да часу была з краю, у перыяд рэвалюцыйных перамен са зброяй у руках становяцца на барыкады, хаця, казалася бы, што замінала ім зрабіць гэта раней?

Аднойчы пралітая кроў абавязкова прыцягне да сябе новых ахвяр.

2014