Што важнейшае, прынцып свабоды слова ці барацьба супраць рэакцыйнай ідэалогіі? Такім пытаннем я задаўся сам для сябе на фоне назірання за заходнім палітычным жыццём. Нечакана, калі глядзіш на амерыканскія\заходнееўрапейскія СМІ і палітычных блогераў, на тую павестку, якую яны фармулююць, складываецца ўражанне, што галоўнымі апалагетамі свабоды слова з’яўляюцца правыя (рэспубліканцы, “анарха”-капіталісты, кансерватары), што, згадзіцеся, увогуле для правых неўласціва, бо яны ва ўсе вякі былі праціўнікамі грамадзянскіх свабод. У той жа час як левыя і левалібералы, выкарыстоўваючы ў якасці нагоды абарону правоў жанчын і меншасцяў, “барацьбу супраць дыскрымінацыі” імкнуцца гэтую свабоду абмежаваць. За прыкладамі далека хадзіць не трэба. Напрыклад, у Германіі вас будуць судзіць за адмаўленне Халакоста і апраўданне нацызма. У шэрагу еўрапейскіх краін прынятыя законы законы супраць г.зв. “hate speech” (мовы нянавісці). У ЗША такія законы, наколькі ведаю, не існуюць, але там ролю цэнзараў выконвае леваліберальная моладзь (пераважна, студэнты), аб’яднанні і рухі за правы меншасцяў. Ва ўніверсітэтах і публічных прасторах яны актыўна зрываюць выступы нават не нацыстаў а проста правых кансерватараў (якіх яны прыраўніваюць да нацыстаў), любых крытыкаў ісламу і фемінізму. Усё гэта пад штандарам барацьбы з нянавісцю і фашызмам. Абвінавачанняў у цэнзуры і прыцісканні свабоды слова яны не прымаюць, бо кажуць “ніякай свабоды слова для нацыстаў” (прытым, як я ўжо пісаў, крытэр нацыста вельмі шырокі: любы хто, напрыклад, кажа аб такой з’яве як чорны расізм, запісваецца ў нацысты), і для іх пытанне, пастаўленае ў пачатку гэтага тэксту, не стаіць: той, хто прытрымліваецца дыскрымінацыйных поглядаў (ці поглядаў, якія здаюцца ім дыскрымінацыйнымі) выказвацца не можа, яму можна ўсімі сродкамі закрываць рот.
Пакінем за скобкамі параўнанне такіх левакоў з самімі нацыстамі, якія гэтаксама адкрыта топяць за цэнзуру – гэтая аналогія напрошваецца сама сабой. Мне больш цікавы аналіз з анархісцкіх пазіцый, бо анархізм – гэта найбольш паслядоўная гуманістычная ідэалогія. Канешне, я лічу, што калі нацыст не выкажацца публічна – вялікай бяды ад гэтага не будзе. І можа сапраўды, абараніць меншасці ад зняважлівых выказванняў, спыніць распаўсюд нянавісці, адмовіць нацызму ў легітымнасці – усе гэта больш важна чым прынцып свабоды слова, даволі эфемерны ў параўнанні з канкрэтнымі нападамі – фізычнымі і славеснымі, якім падвяргаюцца людзі ад прыхільнікаў ксенафобных ідэалогій?
Каб даць адказ на гэтае пытанне трэба, перш за ўсе, вызначыць, што мы разумеем пад нацызмам і его разнавіднасцямі. Не буду зараз выводзіць тут вызначэнні (сотні іх), скажу толькі, што трэба выразна аддзяліць нацызм (расізм, фашызм і г.д.) ад астатніх правых і кансерватыўных ідэялогій. Так, межы паміж імі могуць час ад часу сцірацца. Так, людзі пераходзіць з аднаго лагеру ў іншы. Так, нацысты часам маскіруюцца пад рэспектабельных правакансерватараў. Але гэта не павінна быць для нас нагодай, каб любога, хто ў сваіх адносінах да дзяржавы\прыватнай уласнасці\мігранцкага пытання адрозніваецца ад анархістаў, мы запісывалі ў фашысты. Не кожны чалавек кансерватыўных поглядаў – фашыст. Не кожны прыхільнік моцнай дзяржавы – фашыст. Нават не кожны праціўнік “нелегальных” мігрантаў – фашыст. Нават і расізм бывае бытавым (ад невуцтва і абмежаванасці кругагляду), а бывае ідэйным, з расавымі тэорыямі і спробамі рацыянальнага абгрунтавання. Прыраўніванне любога неанархічнага погляду да фашызму не толькі не дае нам прапагандысцкіх перавагаў, выстаўляючы аднабокімі фанатыкамі, але і замінае цвярозаму аналізу рэчаў.
Адмаўленне ўльтраправым у выказванні як бы выкрэслівае іх з рэчаіснасці. Калі ты імкнешся заткнуць камусці рот, ты хочаш, каб ягоная версія рэчаіснасці не гучала ўвогуле – пакідаецца месца толькі для тваей (ці блізкіх да тваей). Атрымліваецца ілюзія таго, што ўсе вакол у большай ці меншай ступені цябе падтрымліваюць. Але ж гэтай падтрымка – ілюзорная, бо яна існуе выключна з-за таго, што людзі не чулі іншых пунктаў гледжання. Гэта канфармісцкая падтрымка. Для анархістаў такі варыянт не прымальны ўжо хаця б таму, што адсякае ў людзей крытычнае мысленне, прымушае іх прымаць іншыя ідэі толькі таму, што ў іх верыць большасць, а не таму што яны іх асэнсавалі, уважліва абдумалі і прынялі. У ЗША, напрыклад, як лічылася, цалкам перамог леваліберальны дыскурс, які базіруецца на абагаўленні паліткарэктнасці і г.зв. “палітыцы ідэнтычнасці”, замешанай на пазітыўнай дыскрымінацыі. Але хутка аказалася, што перамога гэта была фэйкавая і насамрэч гэты дыскурс пануе у асяроддзі інтэлектуалаў, студэнтаў і сярэдняга класу, вялізарная ж колькасць амерыканцаў (як мінімум – палова) сімпатызуе ўльтраправаму папулісту.
Важна і тое, што без няспыннага разбору і аналізу дэструктыўных ідэялогій людзі схільныя ў пэўны час успрыняць іх як нешта новае, як рэальную альтэрнатыву існуючаму стану рэчаў. Калі такі разбор знікае, а любы плюралізм поглядаў адсутнічае, рэальнай робіцца небяспка таго, што людзі пачнуць паўтараць ужо аднойчы зробленыя памылкі. Негатыўны прыклад павінен быць у людзей перад вачыма, каб яны разумелі, што ён сапраўды негатыўны.
Яшчэ адзін цікаыв і нечаканы бок перамогі леваліберальнага дыскурсу складаецца ў тым, што у грамадскай свядомасці і палітычным спектры Захаду памяняліся месцамі мэйнстрым і бунтары. Літаральна ўсё двадцатае стагоддзе бунтарамі супраць істэблішмэнту і статус-кво лічылілся левакі і анархісты: прыхільнікі кардынальных пераменаў у грамадстве, барацьбіты за сацыяльную рэвалюцыю. Але зараз левая фразеалогія і дзяржаўная палітыка, хай і у даволі рэфармісцкай і мяккай форме заняла трывалае месца ва ўрадах шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, і ледзь не перамагла ў ЗША. Сотні і тысячы НДА змагаюцца супраць ксенафобіі і за правы меншасцяў, фемінісцкія арганізацыі вышукваюць у выказваннях грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, у кіно і літаратуры “мізагінію”, “фэт-шэймінг”, “лукізм”, і тысячу іншых “дыскрымінацый”, арганізуючы адна за адной грамадскія кампаніі і траўлі тых, хто іх дапусціў. Левакі не лянуюцца затыкаць рот крытыкам ісламу – маўляў, гэта “рэлігія прыгнечаных”. І вось на гэтым фоне вырастаюць псеўда-бунтарскія моладзевыя субкультуры, такія як alt-right (альтэрнатыўныя правыя), хлопцы з якіх лічаць сябе адважнымі карбанарыямі, бо малююць лягушонка Пепе ў нацысцкай форм, падтрымліваюць Трампа, жартуюць непаліткарэктныя жарты, і выступаюць за традыцыйныя гендарныя ролі (якая смеласць!). Масла ў вагонь падліваюць заявы вышэй азначаных НДА, якія, напрыклад, прыраўніваюць лягушока Пепе да нацысцкай сымболікі (http://www.bbc.com/russian/features-37497702) Смех смехам але не на фоне ўсеагульнай паліткарэктнасці вышэй азначаныя ультраправыя сапраўды выглядаюць як бунтары і радыкалы, хаця, ў сутнасці, не нясуць у сваіх ідэях нічога радыкальнага, не кажучы ўжо пра небяспеку для істэблішмэнта. Але факт гэты даволі паказальны: калі левакі, перамогшы на дыскурсіўным, лінгвістычным узроўні, пачынаюць затыкаць рот усім астатнім, ультраправыя, пры ўсей заганнасці сваей ідэялогіі, пачынаюць успрымацца як “паўстанцы”, барацьбіты за свабоду слова.
Усё гэта я кажу не для таго, каб мы зараз прызналі нацыстаў белымі і пушыстымі, і не для таго, каб мы прадстаўлялі ім нашыя пляцоўкі для выказванняў. Справа ў іншым. Абіраючы гвалт, лаянку і абвінавачанні адзіным сродкам зносінаў з тымі, хто з намі не згодзен (хай гэта і ўльтраправыя) мы праігрываем чыста палітычна. Гэты пост я напісаў па матывах доўгага назірання за фэйсбучнымі дыскусіямі ў англамоўных інтэрнэтах і тамашнім палітычным жыццём. І зараз я перакананы: вешаць на кожнага, хто выказвае нейкае падабенства правых ідэй, ярлык “фашыста” і раіць яму “заткнуцца” – горшае што можна прыдумаць. Мы самі ад гэтага моцна праігрываем па азначаных вышэй прычынах. Што там робяць левакі, для мяне не так важна (анархісты – не левыя), але дрэнна тое, што такія паводзіны пераняла вялікая частка анархістаў. Чалавека не варта дэлігітымізаваць за тое, што ён ужыў неправільны назоўнік, ці перыядычна юзае “хейт спіч”. Нашая барацьба павінна весціся за кожную асобу, а асабліва за тых, хто здольны выразіць свае думкі ў культурнай дыскусіі, бо гэта паказчык інтэлекту. Канешне, усе вышэй сказанае не распаўсюджваецца на тых ультраправых, у каго на руках кроў, ці хто выказвае прамыя заклікі да забойстваў. З такімі размова кароткая: іх мерапрыемствы можна і трэба зрываць, іх можна і трэба баніць у сацсетках, іх маршы можна і трэба сустракаць каменнямі і кактэйлямі молатава. Аднак ва ўсіх іншых выпадках дыскуссія павінна пераважаць сілу. Чым затыкаць выступоўцу ў аўдыторыі воплямі: “АРРРЯ ФАШЫЗМ!!!” лепей выкшталцонай аргументацыяй і бездакорнай логікай камяня на камяні не пакінуць ад ягоных тэорый. Чым баніць таго, хто дазволіў сабе антыімігранцкае выказванне фэйсбуке – растлумачце яму падрабязна, ў чым ён памыляецца. І нават калі ані адзін ані другі з вамі не пагадзяцца – усе вакол будуць бачыць, што нашая ідэя больш моцная, бо яна праўдзівая. Перамогай над канкрэтным чалавекам мы нічога не даб’емся. А вось перамагаючы варожую ідэю, мы сцвярджаем сваю альтэрнатыву. Симъ побѣдиши!
Добры артыкул вам у нагрузку:
http://www.furfur.me/fur…/freedom/freedom/217587-campus_wars