З выхадам Расіі са здзелкі АПЕК у Беларусі абваліўся рубель. Шмат у чым паўтараецца сітуацыя 2011 года, з той толькі розніцай, што дзяржава, здаецца, не збіраецца ўручную стрымліваць кошт рубля.
Аналітык Шрайбман прагназуе крызісныя з’явы: маўляў, складаецца вельмі выбуховая сітуацыя для пратэстаў (рост коштаў на паліва+абвал рубля+агульна нізкія заробкі), які ўзмацняецца тым фактам, што хутка выбары, на якіх ад апазіцыі самыя папулярныя асобы – гэта «радыкалы» (Севярынец і Статкевіч).
З коштамі на паліва, дарэчы, парадаксальная сітуацыя: з рэзкім падзеннем коштаў на нафту нафтапрадукты беларускіх НПЗ не патаннеюць – бо і вырабленыя намі нафтапрадукты прыйдзецца экспартаваць па зніжаных коштах. Акрамя таго, мы вымушаныя будзем неяк прадаць нафтапрадукты з яшчэ дарагой нафты, закупленай раней. І НПЗ будуць вымушаныя неяк кампенсаваць гэты правал прыбыткаў. Цалкам магчыма, што і за кошт падвышэння коштаў на ўнутраным рынку.
Тады складзецца яшчэ адна парадаксальная сітуацыя: сусветныя кошты на нафту падаюць а кошты на бензін для людзей растуць. Гэта, вядома, моцна напружыць насельніцтва.
Аднак пакуль я ўсе ж паставіў бы на тое, што да выбараў чакаць сур’ёзнага варушняка (накшталт таго, што было ў 2017 годзе) не варта. Калі толькі не адбудзецца нешта экстрардынарнае, альбо сама ўлада не дапусціць сур’ёзных памылак. Чаму я так лічу?
1. Пакуль ёсць рэзервы. І гэта не толькі ЗВР (якія на сёння складаюць 9,2$ млрд, то бок 42% гадавых прыбыткаў бюджэту), якія можна кінуць у топку ў крайнім выпадку. Застаюцца алігархі, якіх заўсёды можна патрэсці, а таксама прыбытковыя прадпрыемствы, якім можна падняць падаткі. Не будзем забывацца аб тым, што можна падняць пошліну за транзіт расійскай нафты. Карацей, магчымасці не вычарпаныя.
2. Цярпенне людзей таксама не вычарпана. Незадаволенасць людзей пакуль знаходзіцца ў пасіўнай фазе. Я не бачу, каб усё было настолькі кепска, каб людзі гатовыя былі моцна рызыкаваць сабой дзеля перамен (а ў Беларусі бяспечнага пратэсту не бывае – гэта грамадзяне добра засвоілі за 25 год дыктатуры). Па гэтай жа самай прычыне, дарэчы, мне на сёння бачацца марнымі ўсе надзеі будзь-якіх кандыдатаў у прэзідэнты зрынуць рэжым вось менавіта на гэтыя выбары.
Карацей пакуль падаецца, што Лукашэнка будзе выкарыстоўваць усе магчымасці, каб да выбараў, камбінуючы бізун і пернік, збіць любыя пратэсты і ліквідаваць глебу для іх. Пры ўсім пры гэтым варта чакаць лакальных пратэстаў. Фактычна, яны ўжо ідуць: несанкцыянаваную акцыю супраць павелічэння коштаў на паліва нядаўна арганізаваў блогер Цыгановіч. Паўтары месяцы таму адбылася даволі буйны страйк таксістаў Працягвае тлець сітуацыя ў Светлагорску з-за працы цэлюлознага камбінату (невялічкая колькасць людзей збіраецца на плошчы штотыдзень). Такіх кропак напружання будзе рабіцца ўсё болей.
У свядомасці Лукашэнкі выбары гэта такая «пераправа», якую трэба перажыць любым коштам, бо ў гэтым момант ён, па старой памяці, адчувае пагрозу сабе найбольшай.
А вось пасля выбараў нас, мусіць, чакае самае цікавае: паўпустые ЗВР, пенсійная рэформа, наступствы некампенсацыі Расіяй падатковага манёўру і адцягнутыя сацыяльныя наступствы збяднення насельніцтва. Выйграныя выбары дададуць уладзе самаўэпўненасці ў дзеяннях і словах – на гэтым яна можа і пагарэць.
У любым выпадку, рыхтавацца да ўсіх такіх цікавостак трэба ўжо зараз – калі вы разумееце, аб чым я.