Пытанню культурнай гегемоніі я ўжо прысвяціў цэлы свой падкаст. Але жыццё падкідывае ўсё новыя прыклады для думак і аналізу.
Вось, напрыклад, падручнік па вывучэнню польскай мовы. Што, падавалася б, можа быць болей нейтральным? Але дзе там.
Праходзім тэму: бізнес. У адным з практыкаванняў нам трэба прачытаць спіс тэставых пытанняў на прадмет, ці гатовыя мы стаць бізнесменамі (маецца на ўвазе, што мы хочам). Пытанні такога кшталту:
– Ці гатовыя вы не мець выходных і працаваць без водпуску?
– Ці гатовыя вы стаяць у кіламетровых чэргах у дзяржаўных установах?
– Ці гатовыя вы да таго, што можаце стаць банкротам?
… і таму падобнае.
Разумееце, у які бок дзьме вецер? Працу бізнесмэна імкнуцца прадставіць як максімальна складаную, адказную і рызыкоўную. Гэта вельмі-вельмі цяжка, не для кожнага а толькі для сапраўдных багатыроў! Упэўнены, што табе гэта трэба? То бок бізнесовец у такім кантэксце прадстае такой сумессю атланта і пакутніка, які дзенна і ночна абліваецца потам і крывёю. Ну не смешна?
Так, я канешне, не спрачаюся, што сапраўды, для таго, каб эфектыўна адбіраць вынікі чужой працы і прымушаць незнаёмых табе людзей быць інструментамі здабычы грошаў ў тваіх руках, трэба вельмі многа працаваць. Сапраўды, гэта няпроста. Але ж ну ё-маё )))
Другі прыклад яшчэ больш яскравы. Тэма: віншаванні. У якасці ілюстрацыі: малюначак, дзе калектыў працоўных віншуе з іменінамі свайго дырэктара, падкідвае на руках і спявае яму віншавальную песенку.
Заўважце, віншуюць дырэктара. Чаму не іншага працоўнага? Чаму не прыбіральшчыу? Не вахцера? Чым яны горшыя?
Віншаванні «паложаныя» толькі чалавеку з уладай. Іменіны працоўнага – руціна. Іменіны дырэктара – здарэнне.
Гэта, дарэчы, выдатна кладзецца ў канву таго, што і ў нас у большасці працоўных калектываў прынята збіраць на падарункі менавіта начальнікам і іх намеснікам, а не шараговым членам калектыву.
Былі ў гэтым падручніку і іншыя цікавыя моманты, нажаль, не дадумаўся ўсё зафоткаць.
Людзям, такім чынам, з самага ранняга ўзросту прывіваюць думку, што існуючы стан рэчаў – нармальны, правільны і слушны, што усё жыццё мець над сабой гаспадара – цалкам натуральна, а самі гэтыя гаспадары вартыя ўсялякай пашаны і павагі. Лукашэнкаўскі рэжым, кажаце, прапаганда..? Як бачыце, капіталізм для сваёй стабільнасці патрабуе не меней прапаганды. І не факт, што без такога татальнага навязвання пэўнай карціны свету капіталістычная сістэма сёння ўвогуле здольная ўтрымацца.