Сёння, займаючыся на турніках, разважаў аб тым, у чым пралягае асноўная светапоглядная розніца між намі, анархістамі і лібераламі.
Ёсць у мяне ў Фэйсбуку такі фрэнд, Аляксандр Гелагаеў, правы кансерватар і шчыры прыхільнік капіталізму. Часта з ім спрачаемся. І вось што я надумаў сёння на турніках:
Што лібералы, што анархісты – за свабоду асобы. І чым болей той свабоды, тым лепей. Аднак у чым жа тады розніца? Яна палягае ў пытанні аб прыватнай уласнасці. Лібералы кажуць: “раз свабода, то я вольны купіць завод і арганізаваць на нём вытворчасць, наняць працоўных, якія будуць працаваць на маіх умовах, гандляваць прадуктамі сыходзячы са сваіх інтарэсаў, а не інтарэсаў грамадства і гэтак далей. Гэта мая эканамічная свабода. Вы што, супраць эканамічнай свабоды???”
Анархісты кажуць: пачакайце, эксплуатаваць* іншых людзей – якая ж у гэтым свабода? Ты, карыстаючыся сваім капіталам, ставіш людзей у залежнае становішча ад цябе, яны мусяць наймацца да цябе і працаваць, інакш збяднеюць ці памруць з голаду.
Лібералы парыруюць: дык пры капіталізме кожны можа стаць капіталістам і хай працуюць на яго! Усё залежыць ад тваёй працавітасці, розуму, кемлівасці і інтэлекту! І багатымі робяцца самыя разумныя! Значыцца, працоўныя самі абралі сабе такі лёс – быць афіцыянтамі, слесарамі, прыбіральшчыкамі, грузчыкамі і таксістамі. (тут часта яшчэ ідзе тырада аб тым што працоўныя лянівыя і нічога не хочуць, абы сядзець дома перад тэлікам, таму, вядома, заслугоўваюць свой рабскі лёс, а людзі бізнесу яны, маўляў, рухавікі прагрэсу). Значыцца на большае яны не здольныя! Не хапае розуму – што зробіш? А ў каго хапіла, тыя сталі капіталістамі. Усё справядліва!
Анархісты тут звычайна адказваюць тым што па-першае усе ня могуць быць капіталістамі апрыёры. Каб нехта быў капіталістам іншы мусіць быць ягоным падначаленым. Таму схема “кожны можа калі захоча” ужо непраўдзівая. Па-другое будзь ты хоць сямі пядзяў у ілбу, без стартавага капітала, ці таго хто ў цябе ўкладзецца ніякага бізнесу ты не пачнеш, не кажучы ўжо аб тым каб стаць багатым. Амерыканская мара аб тым як ты чысціў боты мінакам а потым зарабіў і стаў міліянерам – гэта міф. Памылка выжыўшага. На 1 такога ў каго гэта атрымлася прыйдзецца 1000 тых, хто, будучы не меней спрытным, сышоў з дыстанцыі (канкурэнты, няшчасны выпадак, хвароба, памылковае бізнес-рашэнне ці проста абставіны кепска склаліся). Ну і ў трэціх, хто і з чаго вырашыў, што камерцыйны поспех і здольнасць шмат зарабляць мусяць вызначаць каштоўнасць чалавека для грамадства? Іншымі словамі, чалавек можа быць разумным, добразычлівым, кемлівым, і нават працавітым, мець яшчэ дзесятак добрых чалавечых якасцяў аднак без належнай здольнасці “круціцца” і прасоўваць сябе ён застанецца наёмным рабом. А ўсю сваю дабрыню і шчырасць можа зліць ва ўнітаз – пры капіталізме яна не патрэбная роўным лікам нікому.
Такім чынам капіталістычная сістэма цэніць у чалавеку толькі адно – здольнасць зарабляць грошы любым коштам. І па гэтай шкале прасоўвае людзей наверх. І гэта прытым што чалавецтва ведае мноства грамадстваў, дзе цантральнымі лічыліся якраз іншыя якасці: напрыклад, здольнасць паразумецца з супляменнікамі, духоўныя развіццё, асабістая смеласць і г.д. І толькі апошнія 200 год чалавецтва вырашыла што адзіная і лепшая якасць чалавека – гэта ўменне сябе прадаць.
І тут вяртаемся да пытання: дык за якую ж тады свабоду выступаюць лібералы? Свабоду ўкалываць як лошадзь усё сваё жыццё, каб стаць “паспяховым”? Атрымоўваецца што той славутай “эканамічнай свабодай” могуць скарыстацца толькі тыя у каго ёсць бабло. Для ўсіх астатніх гэта толькі свабода выбіраць наймальніка (і тое не заўсёды).
Ліберал хутчэй за ўсё адкажа: ну а што ж вы хацелі. Нехта мусіць працаваць за станком, а нехта зарабляць на тых, хто працуе. Ніхто не вінаваты, што працоўныя нарадзіліся меней кемлівымі а іх гаспадары – разумнымі і хваткімі!. Усе не могуць быць роўнымі! Такога ніколі не было і не будзе. Вы што хочаце ўсіх ураўняць? Ізноў СССР? ГУЛАГ? А????
Што і варта было даказаць. Пры ўсіх размовах аб “свабодзе” ЛЮБЫ палітычны лад які мае на ўвазе прыватную ўласнасць** і наёмную працу гэта той гэта іерархія, пабудаваная у інтарэсах прывілеяваных чальцоў грамадства. Ніякай свабоды там і не пахне. Той жа жа “бог, царь, отечество”, тое ж “всяк сверчок знай свой шесток” толькі від збоку.
З гэтага лагічна следуе як мінімум тое што капіталізм не ёсць вяршыня развіцця чалавецтва і мусіць быць пераадолены.
* Эксплуатаваць – адбіраць вынікі чыейсці працы.
** Прыватная ўласнасць – гэта тая ўласнасць, якая можа ствараць іншую ўласнасць ці капітал. Т.е. заводы, фабрыкі, зямля, тэхналогіі і г.д. Ваш смартфон гэта НЕ прыватная ўласнасць.