Файны артыкул падштурхнуў мяне да шэрагу ўспамінаў і разважанняў.
Сапраўды, “дарослы свет” у асобе дзяржавы звычайна ўспрымае дзяцей і падлеткаў як ніжэйшых па гіерархічнай лесвіцы істот, якіх варта “вучыць жыццю” як мага больш жорсткімі метадамі, якіх трэба караць і сароміць, выхоўваць у рабалепнай павазе да “старэйшых” і да сістэмы нормаў грамадства, у якую яны прыйшлі. Асабліва гэтая ўласцівасць развітая ў ментоў, што можна бачыць па апошніх выпадках у Лоеве і ў Мінску.
Псіхалагічныя чыннікі такіх паводзін, думаю, варта шукаць у паранаідальнай нянавісці аўтарытарных асобаў з ліку дарослых да ўсяго, што вытыркаецца з агульнай масы, да некантраляваных паводзінаў падлеткаў і дзяцей, да іх нефарматнасці, непасрэднасці, іх натуральнай свабоды і нежадання падпарадкоўвацца навязаным звонку нормам.
Тыя з дарослых іх, хто надзелены ўладай, проста шалеюць, калі бачаць што нейкі “сапляк”\”саплячка” робяць паводзяць сябе не так як усе, не падпарадкоўваюцца, не лізаблюдзяць, не прызнаюць іх аўтарытэт – не важна ў якой форме: паляць электронныя цыгарэты, бахаюць петарды ля школы ці гуляюць на вуліцы дапазна. Адтаго і вапяць “ревнители порядка”: “наказать!”, “родителей в школу!”, “на учет тебя поставим!” і таму падобнае, а тое і проста б’юць, бо так прасцей. Магчыма, такія паводзіны, у сваю чаргу, есць кампенсацыя за свае так і не рэалізаванае жаданне быць свабоднымі і непасрэднымі. Кшталту, “я не змог – не не дам і табе!”, “мы жылі ў гаўне – і вы павінны!”
Зноў падкрэслю, што ў ментоў гэтая нянавісць да ўсяго непадкантрольнага (а падлеткі менавіта такімі і з’яўляюцца) дасягае апагею. Першае ў маім жыцці знаёмства з міліцыяй адбылося, калі мне было гадоў дзевяць. Я ішоў па вуліцы ў Гомелі, заўважыў банкамат (тады, ў 1997 годзе яны былі яшчэ ў навінку) і вырашыў з ім “пагуляцца”. Проста ад балды пачаў націскаць на розныя кнопкі і не заўважыў як ззаду падышоў мент. Груба, з матам, ён мяне проста адштурхнуў адтуль і сказаў “валіць адсюль”. Я быў проста шакаваны: што я яму зрабіў? Гэты выпадак моцна ўрэзаўся ў памяць.
Адзін знаёмы распавядаў мне пра здарэнне з дзяцінства – ужо ў Мінску. Малы, ён аднойчы ўвечары выйшаў на балкон. Бацькоў дома не было. З балкону ён пабачыў, як на вуліцы мент збівае дручком чалавека. Ён спужаўся і забег назад у хату. Пабачанае сталася для яго сапраўднай псіхалагічнай траўмай і, як сам ён кажа, першай прыступкай на шляху да таго, каб стаць анархістам.