Бабуля пасадзіла свайго ўнука на 9 гадоў. Проста прыйшла ў міліцыю і папрасіла “прыглядзецца да ягоных паводзінаў”. Мы, актывісты, звычайна кпім і пасмейваемся над верай людзей у “добрую міліцыю”. Але як апынулася, гэта не так уж смешна. Такая вера можа каштаваць паламанага жыцця.
Хаця асабіста мне, пры ўсім спачуванні, цяжка прадставіць, як можна дадумацца пайсці ў міліцыю з даносам і разлічваць што там да тваёй справы паставяцца гуманна. Гэта да якой ступені мусіць дайсці атамізацыя і адасабленне ад сацыяльных сувязяў, каб прасіць дзяржаўны карны ворган выхаваць твайго ўнука. Тут не бязглуздая верая ў справядлівую дзяржаву, тут нешта большае.
Колькі яшчэ людзей мусяць пацярпець, каб людзі зразумелі: міліцыя для таго каб караць, а не “разбірацца”. Хіба нехта чакае, што авіябомба, сутыкнуўшыся з зямлёй, заб’е толькі злых людзей, а добрых пакіне ў жывых? Гэтак і з дзяржавай: гэта бяздушная машына а не гуманны рэгулятар! І ёй без розніцы, каго размалываць у шчэпкі: добрага ці злога, вінаватага ці нявіннага.