Хто такі Сяргей Маслюкоў?

16-гадовага хлопца прэсуюць у калоніі за тое што ён мусульманін і “нярускі”: збіваюць, адбіраюць Каран, вешаюць парушэнні, настрайваюць супраць яго астатніх вязняў.

Кіруе працэсам начальнік ВК-2 Сяргей Маслюкоў. Сяргея Васільевіча я добра ведаю. У маю бытнасць на ПК-17 ён быў начальнікам рэжымнага аддзела. Мянушка “Вася”. Рэжымнікаў у калоніях не любяць у прынцыпе, але гэтага ненавідзелі асабліва. Вось толькі тое што наўскідку ўзгадалася:

1. Любіў публічна лаяць вязняў мацюкамі. Урэзалася ў памяць, як ён на плацу равеў на зэка, які яму ў бацькі гадзіўся: “Пошел отсюда на*й, баран е*аный!”

2. Калі адбываўся вывад\зняццё асуджаных на працу, то бок праз КПП адна за другой праходзяць калоны арыштантаў, ён любіў косплеіць рабаўладальніка, прынамсі як ён сабе яго ўяўляў. Выглядала гэта так: ставіў нездалёк ад КПП на ўзвышша табурэтку, садзіўся на яе, шырока расставіўшы ногі і равеў на сваіх рабоў: “эээ петров! х*ли б*ядь пуговица расстёгнута! иванов, кепку надел нормально, сейчас на*й в шизо поедешь б*ядь!”, пры гэтым расплёўваючы семкі ў радыюсе пяці метраў ад сябе. Больш агіднае відовішча складана сабе ўявіць.

3. Мог прыйсці на змену п’яным.

4. Хто чытаў маю кнігу “Фарбы паралельнага свету”, там я апісываю эпізод, што зэкаў з этапу, якія толькі прыехалі ў калонію, ставілі на расцяжку ў максімальна нязручнае становічша, і пакуль яны сцякалі потам, спрабуючы ўтрымацца на нагах, зачытывалі ім правілы ўнутранага распарадку. Павольна, з расстаноўкай, назіраючы як яны крахцяць і стогнуць, пінаючы па нагах і па нырках тых хто спрабаваў здвінуць ногі. Дык вось, гэта рабіў Маслюкоў.

Гэта толькі тое што я бачыў сваімі вачыма. Пераказваць пачутае ад іншых зэкаў не буду, бо даказаць гэта сёння ўжо нерэальна, але па расказах там цэлая гронка артыкулаў набярэцца, з якіх 328 яшчэ не самы цяжкі.

І зараз гэты чалавек – начальнік калоніі для непоўнагадовых.

https://mspring.online/togaev/