“Мэдыкі будуць паведамляць міліцыі пра полавае жыцьцё беларусак да 16 гадоў. Дзяўчаткі да 16 гадоў штогод будуць праходзіць мэдагляды. Калі выявіцца, што дзяўчына мела полавую сувязь, гінэколяг абавязаны паведаміць пра гэта начальніку мясцовага УУС. Дзяўчыну накіруюць да мэдычнага псыхоляга, які падрыхтуе яе да камунікацыі са сьледчымі. Сьледчыя будуць пытацца ў дзяўчыны, «чаму гэта здарылася і з кім».”
Такая мярзотная навіна, што нават не ведаеш з якога боку пачаць аб ёй выказвацца.
Дзяржава, знішчыўшы ўшчэнт публічную сферу, зараз замахваецца на права падлеткаў на сваё цела. Проста ўявіце сабе карціну, як 15-гадовая дзяўчына пасля медагляду будзе вымушаная расказваць міліцыянерам дэталі свайго асабістага жыцця. А тыя потым будуць між сабой (ці нават пры ёй) смакаваць падрабязнасці і рагатаць з пачутага. Хто меў справу з міліцыяй – пацвердзяць, што так яго і будзе адбывацца.
А калі 15-гадовая дзяўчына пераспала з 17-гадовым хлопцам па абаюднай згодзе? Гэта таксама допыты, суд і крымінальнае пакаранне. Проста ўявіце сабе бруд сітуацыі.
Да чаго прывядзе гэты закон? Перш за ўсе, прабачце, за рост палавых кантактаў нетрадыцыйнымі спосабамі. Гэтак і падлеткі падчас сэкса будуць ратаваць сябе ад увагі міліцыі, і патэнцыяльныя гвалтаўнікі будуць імкнуцца сябе абезапасіць.
Па-другое – да каласальнага росту дзіцячых псіхалагічных траўмаў і суіцыдаў (па якіх Беларусь і так першая ў Еўропе). А потым, як пасля Стоўбцаў, будуць крычаць што “ва ўсім вінаваты інтэрнэт”…
Па-трэцяе, калі сэкс, быў, напрыклад, з каханым равеснікам, у дзяўчыны будзе вялікая спакуса агаварыць яго, назваўшы кагось іншага. А ў апероў і следакоў – выбіць паказанні традыцыйным спосабам. Гэта значыць: рост такіх жа брудных крымінальных справаў.
Усё новаўвядзенне, канешне, падаецца пад соўсам “барацьбы за маральнасць” і “выкрыцця фактаў згвалтаванняў”. Але, якая, нахрэн, маральнасць, у тым скасоўваць права людзей на прыватнае жыццё? Якая маральнасць у тым, каб напляваць на прынцып тайны лекавання?
У іх “ахова бяспекі грамадзян” – гэта татальнае сачэнне на кожным кроку, “барацьба з беспрацоў’ем” – гэта здзіранне падаткаў з самых бедных, а “барацьба са згвалтаваннямі” – гэта калі следак залазіць пад спадніцу малалетней дзяўчыне. Апека і ахова дзяржавы знішчаюць усё чалавечае.
І яшчэ. Калі спрабавалі прыняць закон аб хатнім гвалце: кансерватыўныя грамадзяне воўкамі вылі аб тым, што гэта ўварванне дзяржавы ў прыватную сферу. Дзе зараз іх галасы?