Калі б даследчыкі правялі дыскурс-аналіз выказванняў беларускіх чыноўнікаў і прэзідэнта, як вы думаеце, якое слова апынулася б у топе па ўзроўню паўтораў?
Я думаю – «стабільнасць».
Паняцце стабільнасці – краевугольны камень псеўда-ідэялогіі беларускай дзяржавы. Яно паўтараецца ў кожным выступе Лукашэнкі, кожным спічы БТ-шных «палітолагаў» і «экспертаў», ледзь не ў кожным выпуску навін скланяецца на ўсе лады.
У апошняй траціне ХХ стагоддзя сацыёлагі і псіхолагі пачалі пераканаўча даводзіць, што паводзіны чалавека моцна залежаць ад таго, у якім паняційным асяродку ён жыве, а функцыі і разуменне рэчаў залежаць ад таго, якое імя яны носяць у агульнай свядомасці. Давыдзька і Шпігун наўрад ці чыталі постструктуралістаў, але яны выдатна разумеюць «як вы яхту назавеце, так яна і паплыве» і, выкарыстоўваючы СМІ, атачаюць беларуса моўнымі канструктамі, што адпавядаюць патрэбам улады.
Любому, хто ў стане думаць і аналізаваць зразумелы той вектар дзяржаўнай прапаганды і тая форма, у якую дзяржава лепіць грамадскую думку і свядомасць: пакора, поўная апатыя да палітычнай дзейнасці, страх перад пераменамі, псіхалогія «маленькага чалавека», які хоча, каб за яго ўсё вырашала патэрналісцкая дзяржава. Усё гэта робіцца, у тым ліку, і праз моўны апарат: са дня ў дзень, з года ў год, стабільнасць і нязменнасць грамадскага ладу абвяшчаецца цэнтрам усіх магчымых дабрадзейнасцяў, а любая сацыяльная актыўнасць асацыюецца з хаосам, кроўю і дывановымі бамбардзіроўкамі.
Асноўная мэта, якую пераследуе дзяржава, доўбячы людзям штодзень, што стабільнасць гэта добра – прывучыць народ да пасіўнасці ва ўсіх сферах жыцця. Цвёрдая і непарушная парадыгма аб нязменнасці грамадскага строю мусіць навесці чалавека на упэўненасць у тым, што нічога нельга змяніць, што любыя яго высілкі – някчымныя, таму няма чаго й намагацца (удзельнічаць у акцыях пратэсту, змагацца за свае правы, праяўляць непакору і г.д.).
Калі думка аб тым, што ты – маленькі чалавек, які нічога не ў стане змяніць, трывала асела ў тваёй галаве, лічы, дзяржава дамаглася сваёй мэты. Непахісным кіраўнікам няма чаго берагчыся – ніхто не спакусіцца на іхняе права распараджацца тваім жыццём, бо ты ўжо і сам паверыў у тое, што быць паслухмяным – норма.
Але ёсць і адваротная сувязь: ідэя стабільнасці і нязменнасці грамадства сама, у сваю чаргу, прыцягвае людзей пасіўных, якія прывыклі, каб іх жыццём кіравалі іншыя, і не прывыклі нешта мяняць у сваім жыцці. Адказнасць іх пужае, неабходнасць дзейнічаць самастойна выклікае разгубленнасць. Пазбавіцца пакутаў выбару, нязменна звязаных з пакутай адказнасці, перадаверыць свой лёс камусці іншаму, – вядома, куды больш дасведчанаму і разумнаму – вялікая спакуса, асабліва для людзей малаадукаваных і няўпэўненых у сябе.
У любым грамадстве такія людзі існуюць у большай ці меншай колькасці і заўсёды становяцца сацыяльнай базай папулістаў – як ультралевых так і ультарправых.
У Беларусі такіх людзей напачатку 1990х апынулася зашмат – яны сталі сацыяльнай базай ультра-незразумела-якога Лукашэнкі. Вынікі гэтага мы можам назіраць ужо на працягу больш чым 20 гадоў. Як бачым сёння дзяржаўная прапаганда і застабільны наратыў цалкам супадаюць з жаданнямі і міраадчуваннем вялікага адсотку насельніцтва. Актыўныя, творчыя і самастойныя людзі апынуліся ў меншасці, папаўняючы сабою шэрагі эмігрантаў, палітычных актывістаў і палітычных вязняў.
Любая сацыяльнай актыўнасць, любы рух наперад мае на ўвазе змены, падчас радыкальныя, падчас рызыкоўныя, якія не заўсёды вядуць да імгненных паляпшэнняў. Але без іх любое грамадства чакае стагнацыя, застой і маральная смерць. Стабільнасць – канструкт для пасіўных, якія не хочуць рабіць ані на ёту болей за тое, што загадана начальствам. Але парушыць іхняе панаванне – у нашых сілах.
Сакавік 2015
Адрэдагавана і дапоўнена 10 верасня 2016