Адлічэнне Ганны Смілевіч і сеціўныя цынікі

 
Пасля таго як кіраўніцу Моладзі БНФ (па сумяшчальніцтву другакурсніцу журфаку БДУ) Ганну Смілевіч адлічылі з універу, разам з хорам звычнага сеціўнага ўзбурэння раздаўся хор іншых галасоў. Некаторыя каментатары, якія прытым пагалоўна лічаць сябе людзьмі дэмакратычных поглядаў, настойліва сцвярджаюць што (коратка):
1. Сама вінаватая
2. Нічога не вывучыла
3. Хайп вакол сябе падымае, піярыцца
4. Раз адлічылі значыцца было за што
 
І, ведаеце, мне здаецца, што з кожнай падобнай сітуацыяй у Беларусі, хор такіх галасоў усё гучнейшы.
 
Канешне, можна паспрабаваць адказаць гэтым людзям рацыянальнымі аргументамі. Напрыклад тым, што універсітэты ў нас – даўно не інстытуты адукацыі а фабрыкі па вытворчасці працоўнай сілы для багацеяў, казармы для ідэялагізацыі моладзі і прывучвання яе да пакоры. Фактычна лайтовы варыянт арміі. І выкладчыкі не маюць у іх аніякай самастойнасці, робяць тое што ім загадае начальства, а “людзей у цывільным” баяцца як вагню, бо ктосцьі ледзь пачаў кар’еру (“мне тут еще работать”), а камусці ўжо хутка на пенсію.
 
Можна нагадаць, што ў нашых універах каб атрымаць адлічэнне трэба пастарацца. І звычайна нават самых недалёкіх цягнуць да апошняга. (глядзіце пост Anastasia Boiko )
 
Можна нагадаць, што заваліць у прынцыпе можна ЛЮБОГА – ва ўмовах калі рашэнне выкладчыка аспрэчыць фактычна немагчыма. Выкладчык – ісціна ў апошней інстанцыі, бо студэнт у нас – ніхто, і адносіны з выкладчыкам выбудоўваюцца па прынцыпе “начальнік-падначалены”. Паставіць пытанне належным чынам, выдумаць тое чаго не было ў білетах – ды міліён есць спосабаў зрабіць так каб ты не здаў, нават калі ты ад падручнікаў не адліпаў увесь семестр. І запісвай-не запісвай на дыктафон, усе будзе выглядаць прыгожа і прыстойна.
 
Ну і ўвогуле, дзяўчына адвучылася першы курс, здала ЦТ на 96 балаў, і мела сярдэні бал атэстата 9,2. Плюс, з яе-та пасадай яна стопудова ведала, якая да яе будзе увага і, думаю, рыхтавалася як след. Першы курс адвучылася выдатна, але варта было ей узначаліць апазіцыйную структуру – РАПТОЎНА апынулася глупай, непадрыхтаванай, ды яшчэ і “совпадает” неправільна напісала. Вось жа як САВПАЛО.
 
Можна яшчэ шмат чаго сказаць. Але гэтым ты не праб’еш браню тых, хто ўжо паспеў залезці ей у галаву і даведацца, чаго яна хацела насамрэч (зваліць на захад, папіярыцца, атрымаць статус рэпрэсаванай і г.д.) і тых хто спяшаецца салідарызавацца з карным рэжымам (паўтаруся, ягонай галіной якраз і з’яўляюцца ўніверы).
 
Усе такія галасы – гэта рацыяналазіацыя мамкіных сеціўных цынікаў, якія ніколі нічога не зрабілі ў сваім жыцці. Не тое што не ўзначалілі кволенькую і беззубую апазіцыйную структуру (якой з’яўляецца Моладзь БНФ) а нават на мітынг наўрад ці выйшлі. І для адлічанай за перакананні Смілевіч яны ніколі нічога не зробяць. Усё жыццё сядзелі і будуць сядзець на дупе роўна. І таму ім хочацца прыраўняць усіх навакольных да сябе, каб іхняя ўласная баязлівасць не была так выразна бачная на іх фоне. “Ой, да яна зараз за гранты ў Польшчу паедзе!”, “Ой, да проста вырашыла хайпа вакол сябе падняць!” і гэтак далей. Дробныя людзішкі хочуць усіх навокал бачыць такімі ж дробнымі, як самі.
 
Якога скідання рэжыму, якой арганізаванасці ў барацьбе з уладай чакаць ад людзей, якія і між сабой-та арганізавацца не могуць? Якія замяшчаюць сваё шматгадовае бяссілле і трусіную боязь напускным цынізмам і абвінавачаннем ахвяры? Не, сябры, да рэвалюцыі нам яшчэ вельмі-вельмі далёка. Над свядомасцю грамадства спачатку папрацаваць трэба, а потым аб барыкадах думаць.
 
п.с. Што там у галаве ў Смілевіч, я не ведаю. Многія прафесійныя апазіцыянеры сапраўды імкнуцца жыць на захадзе больш, чым змагацца ў Беларусі. Але верыць прадстаўнікам рэжыму (выкладчыкам) хутчэй, чым ей, казаць што за палітыку ў нас не адлічваюць – гэта дно і брыдота.