Паўтары гады за перфоманс

 
Нават Паўленскаму ў рашцы, які падпаліў дзверы ФСБ, далі меней. У Польшчы ж беларусы, якія акцыяніравалі супраць вайны, учора атрымалі ад 1 года абмежавання волі да 1,5 гадоў турмы – нібыта за “апаганьванне” нейкага сакральнага месца. Калі хто не памятае: ля ўвахода ў канцлагер Асвенцым мастакі павесілі банер “Love” і зарэзалі ягня, назваўшы гэта антываенным перфомансам. Пры гэтым яны былі распранутыя дагала.
 
Можа, мала хто звярнуў бы на гэта ўвагу, калі б сярод арыштаваных не было сына Алеся Бяляцкага. Наша Ніва дык увогуле прысвяціла абсмоктванню гэтай дэталі ледзь не ўвесь матэрыял па тэме, замест таго каб запытацца саміх мастакоў што яны хацелі сказаць сваім учынкам.
 
Я не асабліва творчая асоба і не займаўся б такімі перфомансамі. Тым больш зарэзанае ягня – гэта агідна. Але ПАЎТАРЫ ГАДЫ – за што? Сама канцэпцыя “апаганьвання” чаго б то ні было мне падаецца сумнеўнай. Што здарылася з Асвенцымам пасля гэтага перфоманса? Знішчылася гістарычная памяць? Людзі сталі ўхваляць Халакост? Памерлых жыдоў прыбавілася, ці, наадварот, убавілася? Якая шкода грамадству гэтым была нанесеная? Стварэнне нейкіх хімераў, сакральных месцаў, побач з якімі нешта можна рабіць, а нечага нельга – нейкі рудымент жрэчаскай свядомасці, уяўленне аб тым што вышэйшыя сілы пакараюць за недастатковую павагу да іх, за тое што смертный сунуў свой нос куды не трэба. Даўно пара б гэта ўжо перажыць. Як па-мне, асуджаць ці караць за ў такіх выпадках можна толькі калі асноўнай мэтай дзеяння была абраза кагосьці. Напрыклад, размалёўванне свастыкамі жыдоўскіх могілак. Тут, зразумела, няма творчасці, а ёсць жаданне прынесці душэўны боль пэўнай групе насельніцтва. У выпадку пярфоманса мэтай была не абраза, а а быў пратэст супраць вайны, і Асвенцым стаў проста месцам для данясення гэтай ідэі.
 
Таму пазбаўляць людзей волі за творчае самавыражэнне – нават такое, якое ня ўсім падабаецца – цалкам недапушчальна.
 
І ўчора ў Польшчы з’явіліся свае палітвязні.