Разня заточкай па-шклоўскі – аналіз

Хто яшчэ не ведае, Казакевіч (той самы “маньяк з бензапілой”) нібыта паспрабаваў у Шклоўскай калоніі напасці на кантралёра, за што на яго была заведзеная крымінальная справа за спробу забойства і зараз яму пагражае смяротная кара.

Вырашыў звярнуцца да гэтага выпадку па двух прычынах: па-першае, у свой час я каментаваў пасадку Казакевіча, і казаў, што, калі яго не будуць мэтанакіравана чапаць, хутчэй за ўсе ён будзе звычайным зэкам (http://naviny.by/article/20170224/1487940379-budet-obychnym-zekom-chto-mozhet-zhdat-kazakevicha-v-kolonii), па-другое, напад той адбыўся ў бараку ШІЗА\ПКТ шклоўскай калоніі (ПК-17), дзе я прасядзеў у свой час каля 8 месяцаў. Тое месца і яго парадкі я даволі добра ведаю.

У сваім каментары з нагоды асуджэння Казакевіча я казаў: “Мне кажется, что к Владиславу в колонии не будет какого-то особенного отношения. Это возможно, только если он сам спровоцирует такую необходимость либо не поступит «указание сверху». Казакевич не политзаключенный, он обычный убийца, поэтому в глобальном плане для государства не представляет опасности. Поэтому, повторюсь, мне тяжело представить, что его начнут прессовать.” – і далей разважаў у тым рэчышчы, што наўрад ці “указанне зверху” паступіць, бо, маўляў, хто такі Казакевіч? Не палітзэк жа, каму ён патрэбны?

Але, як аказалася, я недаацэніў даўбанутасць мясцовых ментоў і парочнасць беларускай сістэмы. І той самы выпадак “калі толькі не…” якраз і настаў.

Бацькі Казакевіча кажуць (https://news.tut.by/society/564476.html) што ад самага паступлення ў калонію да яго пачалі чапляцца і вешаць парушэнні за ўсялякія дробязі. Ну, гэта мы ведаем, праходзілі… Незашпілены гузік, непаголены, не так павітаўся – паехаў у ШІЗА. На момант “нападу” Казакевіч ужо знаходзіўся ў ПКТ.

Мяне гэтаксама ж сотні разоў выводзілі на прагулку з ПКТ, у той жа дворык, куды і яго. Праўда, металадэтэктараў тады яшчэ не было. Дык вось, улічваючы свой досвед, я магу сказаць што ўся гісторыя з нападам на кантралёра выглядае вельмі падазрона. Прааналізуем.

“После команды контролера „оставаться в положении для обыска“ Казакевич выхватил из левого рукава нож” —– Паведамляе МУС.

Прабачце, адкуль нож у ПКТ? Тэарэтычна зрабіць яго магчыма. Рэальна – крайне складана. Каб зрабіць сталёвы нож, які хоць нешта зможа рэзаць, трэба пранесці ў ПКТ кавалак сталі. У камеры ты яго не знойдзеш, дакладней, не здолееш адкалупаць ад мэблі. Адзінае выйсце – калі выводзяць з ПКТ на працу, схаваць, вяртаючыся, з сабой “па тарпедзе”. Прытым сумняюся што Казакевіча выводзілі з ПКТ на працу.

А нават калі нешта пранёс – то потым некалькі дзён, а тое і тыдняў, трэба старана завастраць гэты кавалак сталі ў хаце. Працэс заточкі даволі шумны. На прадоле кантралёр выдатна чуе характэрныя гукі. Не кажучы ўжо аб тым, што ён рэгулярна заглядае ў вочка і схавацца ад яго няпроста, асабліва недасведчанаму зэку (а Казакевіч яшчэ і года не сядзіць).

Можна зрабіць нож з кавалку алюмінію, яго дастаць прасцей. Мне падаецца, што менавіта такой нож і быў у Казакевіча. Але агрызкам алюмінію, завостраным уручную, забіць кагосьці амаль немагчыма. Асабліва калі тыкаць ім у грудзі (прыкрытыя адзеннем, і хутчэй за ўсе – ужо зімнім).

Карацей гэты напад – класічнае, як кажуць у крымінальным праве, “покушение с негодными средствами”, не кажучы ўжо аб тым што ўстае пытанне – адкуль нож?

Ідзем далей.

“В ходе допроса Казакевич пояснил следователю, что хотел совершить убийство начальника колонии, чтобы отомстить за применение дисциплинарных наказаний” – Дзе логіка? Калі хацеў забіць начальніка калоніі, чаму напаў на прапаршчыка-кантралёра? Начальнік калоніі не выводзіць зэкаў на прагулку. Напад на яго можна было з стварыць падчас дысцыплінарнай камісіі (але там шмат мусароў, таму шанцы на поспех яшчэ меншыя). Так што зноў, гэтая заява альбо бравада Казакевіча, альбо выдумка СК.

Таму словы ягонага бацькі: “Мы с лета предупреждали о том, что с Владом творится, рассказывали, что с ним делают. И вот — довели. Ему это все подбросили. Это было сделано специально, это однозначно, — заявил мужчина.” ­ перастаюць выглядаць адное спробай абяліць сына.

Зрэшты, якія вынікі можна зрабіць з той інфармацыі, якую мы зараз маем? Трывалы вынік толькі адзін: Казакевіча ў калоніі прасавалі, прытым хутчэй за ўсе за ўяўныя парушэнні а не сапраўдныя. Калі б ён хацеў зрабіць напад на начальніка калоніі, альбо зрабіць іншы “адмарожаны” учынак, гэта куды лягчэй можна было б зрабіць, знаходзячыся ў лагеры, а не ПКТ. Сродкаў і магчымасцяў на парадак болей.

Устае пытанне: навошта яго прасавалі? А вось тут у мяне некалькі версій:

1. Ініцыятыва мясцовых мусароў. Камусці з гэтых “вершыцлеяў лёсаў” падалося, што яны – божы меч, які мае права караць на сваё ўласнае разуменне, і вырашылі такім чынам “навесці справядлівасць”, і дадаць свае пакаранне да судовага, выдатна ведаючы, што ў калоніі яны – цары і богі, і ніхто ім нічога не зробіць. Даволі крывадушны погляд, улічваючы што ў тым жа Шклове сядзяць і людзі і пагорш за Казакевіча, якія адразалі галовы і гралі імі ў футбол, гвалтавалі састарэлых і непаўналетніх і таму падобнае. І некаторыя з іх з дазволу адміністрацыі – на цёпленькіх пасадах, кушаюць шакалад і глядзяць DVD у элітных пакоях.

2. Ініцыятыва Лукашэнкі ці кагосьці з яго атачэння. Мы ўсе ведаем, як наш царок любіць умешвацца ў жыцці простых смертных. Узгадайце гісторыю дзвух сялян, якія забілі і спалілі мужыка, які, па іх меркаванню, быў прычасны да падпалаў хат. Адно начальственнае слова – і іх дзіўным чынам вызвалілі з-пад крымінальнай адказнасці. Узгадайце ўказанне “создать условия, чтоб смерти просили” наркагандлярам у зонах. Магчыма і тут ён палічыў сябе суддзёй і Богам у адной асобе і даў распараджэнне: “пажошчэ там с эцім атамарозкам”. А шаўкі ў пагонах кінуліся выконваць.

2. Правакацыя з мэтай падвесці пад расстрэл. “Спроба забойства” – яўна нацягнуты артыкул у гэтым выпадку. І тое, што справу завялі менавіта па яму, насцярожвае. Магчыма ўсе што адбылося – свядомая правакацыя для таго, каб, зноў жа, з жадання кагосьці з вышэйшых начальнічкаў, падвесці Казакевіча пад расстрэл, які яму нельга было даць адпачатку, бо на момант асуджэння ён быў непаўнагадовы.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што і сам Казакевіч, відавочна, не надта адэкватны. Таму, магчыма, і ў зале суда мы даведаемся няшмат. Нечым мне гэтая справа нагадвае справу Канавалава і Кавалёва…