Павучальна, калі ў фільме можаш пабачыць драматычныя жыццёвыя сітуацыі, што прымушаюць узгадаць свае ранейшыя назіранні. Любая нармальная драма (фільм) разгортваеца ў сферы чалавечых узаемаадносінаў. Узялі які-небудзь аспект адносінаў, і разглядаюць яго з розных бакоў. У “Гангстеры №1” падняты такі незвычайны пласт, як узаемаадносіны лідара і ягонага “тыпа-сябра”, якога лідар узяў пад сваё крыло – на прыкладзе бандыцкай групоўцы. Перасякаюцца адразу два тыпу адносінаў: мужчынскае сяброўства і адносіны падпарадкавання ў калектыве. Відавочна, што яны супярэчаць адзін другому: ты не можаш шчыра сябраваць з тым, хто ад цябе залежыць па іерархіі (бо ты мусіш яго караць у выпадку непадпарадкавання, а таксама ўвесь час дэманстраваць свой статус, каб цябе не “падсядзелі”), і, наадварот, не можаш паўнавартасна рэалізаваць свае ўладарныя паўнамоцтвы – сябра ж… Нейкі з гэтых пачаткаў мусіць перамагчы, і звычайна, перамагае, канешне, пачатак падпарадкавання. Адсюль вынік: не можа быць паўнавартаснага сяброўства паміж няроўнымі па статусу людзьмі, асабліва калі ніжэйшы па статусу марыць узняцца вышэй.
Менавіта гэта прыходзілася назіраць у рэальным жыцці. Аўтарытарны лідар (“пахан”, “альфач”) хоча трымаць увесь калектыў пад кантролем, быць упэўнены што яго ніхто не “падсядзіць”, і таму абсякае любыя спробы падначаленых сваявольнічаць, аспрэчыць свой статус, парушыць статус-кво. Аднак лідару, якім бы мярзотным і падступным ён не быў, часам таксама хочацца чалавечых адносін: даверу, спачування, магчымасці падзяліцца сваімі праблемамі і г.д. Але як зробіш гэта з істотай, якая цябе баіцца і хутчэй за ўсе ненавідзіць? Нават калі паспрабуе – гэта будзе выглядаць фальшыва і хлусліва.
Адкрыта іерархічныя, аўтарытарныя адносіны ламаюць псіхіку яе абодвух бакоў, і пераможцаў у іх, у шырокім сэнсе, няма.
Карацей, глядзіце фільм самі, там гэта вельмі добра паказана: https://my-hit.org/film/13404/