Што не так з ЕГУ?

 

Як вы, мусіць, бачылі па навіновых стужках, ЕГУ ізноў у фокусы ўвагі СМІ. Чамусь так атрымоўваецца што на маёй памяці ўнівер амаль ніколі не трапляў у гэты фокус у сувязі з вялікімі поспехамі, дасягненнямі і пазітыўнымі пераменамі. Заўсёды – у сувязі з канфліктамі, скандаламі і праваламі. Гэтак адбылося і ў гэты раз.

Для мяне вучоба ў ЕГУ была надзвычай важнай рэччу ў жыцці і вельмі цікавым досведам. Універ даў мне вялікае мноства вельмі моцных знаёмстваў, надзеных таварышаў і аднадумцаў, не кажучы ўжо пра якасныя веды (дзякуй Андрэю Сцяпанаву, Уладзіславу Іванову, Таццяне Чуліцкай, Аляксандру Кавалёву і іншым выдатным выкладчыкам). Аднак варта адзначыць, што паступаў і выходзіць з ЕГУ я з абсалютна рознымі пачуццямі. Паступаючы, я меў мноства ілюзій адносна ЕГУ як праекту: наконт ягонай еўрапейскасці, дэмакратычнасці, навучальнага працэсу. Але за два гады непасрэднага знаходжання там (яшчэ два я вучыўся ў VDU у Коўна) я на свае вочы назіраў, не пабаюся гэтага слова, дэградацыю ўнівера па розных параметрах. А менавіта:

1. Імклівая камерцыялізацыя ВНУ. Стаўкі аплаты для студэнтаў увесь час растуць, колькасць бясплатных месцаў скарачаецца. Усё меней беларускіх сем’яў могуць дазволіць сабе адправіць дзіцёнка ў ЕГУ. У чым жа тады вартасць гэтага праекту для дэмакратыі ў Беларусі? Ці дэмакратыя і еўрапейскія каштоўнасці – толькі для багатых?
Так, я навучаўся бясплатна і гэтая праблема мяне не чапала. Але я выдатна бачыў, як студэнты вымушаныя былі сыходзіць з універа, пераходзячы на вышэйшую стаўку аплаты, бо іхнія бацькі не маглі сабе дазволіць навучанне па поўным кошце. Я бачыў як раскладаецца студэнцкая супольнасць ад рэйтынгавай сістэмы, якая спараджае канкурэнцыю і падсіжванне адзін аднаго.

2. Абыякавае і высакамернае стаўленне асобных прадстаўнікоў адміністрацыі да студэнцтва. Даходзіць да таго што асобныя прадстаўнікі адміністрацыі ў адказ на крытыку студэнтаў, кажуць ім: “паважайце старэйшых” (лолшто?), а на незадаволенасць высокімі коштамі навучання кажуць: “прадавайце кватэры і дамы”. Я не жартую. Гэта адбывалася не ў БГУ, не ў БНТУ і не ў іншым беларускім калгасным універы.

3. Звальненне найлепшых выкладчыкаў, якія аддалі ЕГУ па 10 і болей гадоў, замаскіраванае пад непрацягненне кантракту. Звальненне, ізноў жа, у хамскай манеры (праз емэйл), без усялякіх тлумачэнняў. Па дзіўнаму супадзенню, “пад нож” траплялі менавіта тыя выкладчыкі, якія ў адкрытую крытыкавалі адміністрацыю і адстойвалі сваю пазіцыю. Асаблівым шокам для мяне стала звальненне Таццяны Чуліцкай – аднаго з людзей на якіх увогуле трымалася паліталогія ў ЕГУ.

4. Катастрафічнае падзенне іміджу ўнівера, да якога спрычынілася як зніжэнне якасці адукацыі, так і няспынныя скандалы. Чаго вартая гісторыя таго, што ЕГУ не быў акрэдытаваны літоўскім Міністэрствам адукацыі, бо папросту не дацягваў да належнага ўзроўню. Аднак адміністрацыя змагла адваяваць сабе асаблівыя ўмовы акрэдытацыі пад нагодай таго што ЕГУ “палітычны праект”, “універ у выгнанні” і г.д. Нешта больш прыніжальнае для універсітэту складана сабе прыдумаць: гэта адкрытая просьба “знізьце нам планку, бо мы няшчасныя і тупенькія ахвяры рэжыму”.

(прадчуваю ёрнічанні аб тым, што я напісаў гэты пост толькі выпусціўся, але па-першае ЕГУ яшчэ ніколі не ведала такой масавай пратэстнай акцыі, па-другое я заўсёды казаў тое што думаю па ўсіх гэтых пытаннях, і ПУБЛІЧНА крытыкаваў, каго лічыў патрэбным, на паседжаннях СП, штогадовых канферэнцыях і гд. За што атрымоўваў ў свой адрас дробныя шпількі: ад ігнору асабістых зваротаў да зніжэння матэрыяльнай дапамогі).

І сёння, калі ў ЕГУ – урэшце рэшт! – усур’ёз падняліся студэнты, наважыўшыся на прамую канфрантацыю з адміністрацыяй, я цалкам на іхнім баку, і шкадую што зараз знаходжуся не ў Літве і не магу падтрымаць іх сваёй фізічнай прысутнасцю. Гэта тыя людзі, якімі мы мусім ганарыцца. Усе яны разумеюць, што далейшае навучанне для іх будзе усыпана перашкодамі, аднак усё роўна наважыліся на гэты крок. Дарэчы, нягледзячы на другі дзень страйку больш за 30 студэнтаў дагэтуль НІХТО з адміністрацыі не выйшаў з імі на кантакт і перамовы. Як вам такая еўрапейскасць і дэмакратычнасць? А потым тыя, хто прымае рашэнні ў ЕГУ працягнуць расказваць замежным донарам пра тое якое важнае для іх студэнцкае самакіраванне і як яны падтрымліваюць дыялог з навучэнцамі.

Падсумоўваю. Калі ў 2015 годзе я ўсім і кожнаму з Беларусі раіў паступаць у ЕГУ, то зараз я, нажаль, не магу гэтага рабіць. Так, ЕГУ на сёння, пры ўсіх сваіх хібах па-ранейшаму лепшы чым любы беларускі гуманітарны ВНУ. І ў плане кар’ерных перспектыў і нават у плане коштаў. Аднак пры сённяшнім накірунку руху гэтая розніца імкліва скарачаецца. І ці застанецца яна ўвогуле праз 5-7 год, ці ЕГУ пераўтворыцца ў камерцыялізаваны філіял БДУ ў Вільні, стаўшы аазісам беларускага менеджмента і хамства – для мяне вялікае пытанне.

Насуперак усяму

Урэшце рэшт гэта адбылося.

Першая спроба атрымаць вышэйшую адукацыю была ў 2008 – я паступіў на трэці курс юрфака БДУ і кінуў яго, бо не вытрымаў саўковую муштру і калгаснае хамства. Другая – у 2009-м годзе – паступіў у ЕГУ на праграму “Паліталогія і еўрапейскія даследванні”. Але гэтае навучанне на 5 год перарвала турма.

І вось, урэшце, з трэцей спробы, насуперак усім перашкодам: турме, затрыманням, даглядам на мяжы, побытавым і фінансавым фэйлам, я зрабіў гэта. Хай і ў 30 год, але доўгачаканы дыплом аб вышэйшай адукацыі атрыманы.

Навучанне ў ЕГУ стварае свой непаўторны кантэкст і досвед. Па выніках часу, праведзенага між Вільняй і Мінскам, ловіш сябе на тым, што можаш на смак адрозніць піцу з Charlie ад Chilie; выязджаючы ў любую еўрапейскую краіну па звычцы кажаш мінакам “ачу” і “аціпрашау”; і ўжо ў твар ведаеш усіх памежнікаў на пункце пропуску “Каменны Лог”. Чатыры гады старанага (сапраўды старанага, без жартаў) навучання, сотні старонак напісаных і прачытаных тэкстаў, дзясяткі зробленых прэзентацый і пісьмовых працаў, за якія мне не сорамна, бястурботныя гулянні да ранку з маімі любімымі аднагрупнікамі і аднагрупніцамі, не меней за сотню паездак на аўтобусе Мінск-Вільня і Вільня-Мінск – і вось я ўладальнік двух дыпломаў і куды больш цэласнай карціны свету чым чатыры гады таму.

З 17 чалавек, якія паступілі на праграму, да фінішу з нас дайшло толькі 7. Таму мы па праву можам ганарыцца сваімі высілкамі.

Вучыцца – добра. А вучыцца з добрымі людзьмі – яшчэ лепш. Дзякуй усім, з кім я прайшоў гэты шлях.

ЕГУ так старана змагаецца з унутранымі праблемамі, што нават мая штомесячная стыпендыя была ўрэзаная на… 10 еўра!

Спадзяюся, гэтая рашучая антыкрызісная мера дазволіць універсітэту вылезці з цяжкага матэрыяльнага становішча і атрымаць, урэшце, акрэдытацыю ў Мінадукацыі Літвы. #ЕГУ_жыві

“Фарбы паралельнага свету” у ЕГУ

Пішу са спазненнем (у аўральным рэжыме апошніх тыдняў было трошкі не да гэтага) – 21 сакавіка адбылася даўгачаканая для мяне падзея – прэзентацыя “Фарбаў паралельнага свету” у ЕГУ. Прысутнічала 18 чалавек, паглядзелі фільм “Анархия прямое действие: неангажированная версия” і акрамя ўласна кнігі і турэмнага досведу дыскутавалі аб анархізме і палітычных падзеях у краіне. Вялікі дзякуй за дапамогу ў арганізацыі Студэнцкаму прадстаўніцтву ЕГУ, а ў прыватнасці – Таццяне Лічэўскай і Ганне Філістовіч.

Аліне Пасюк дзякуй за выдатныя фота!

 

 

Паслязаўтра ў ЕГУ – выбары Студэнцкага прадстаўніцтва.

У адрозненні ад беларускіх універаў, ў ЕГУ студэнцкае самакіраванне сапраўды мае вагу, з’яўляецца важнай інстытуцыяй ў жыцці ўніверу.
Гэта пацвярджае хаця б тое, якія жарсці кіпяць вакол гэтых выбараў. Барацьба Хілары з Трампам і побач не валялася 🙂 – дзе вы такое сустрэнеце ў беларускіх ВНУ?

Нажаль, цяпер гэта не толькі вайна амбіцый, довадаў і перадвыбарных праграм, але і вайна кампраматаў. Паважаю тых, у каго хапае вытрымкі і самапавагі не апускацца да абвінавачванняў і чорнага PR, а сціпла рабіць сваю справу, падкрэсліваць канструктыў а не негатыў. і жадаю поспехаў Ане Філістовіч. Спадзяюся, што часам свайго прэзідэнцтва ў СП (а ў яе перамозе я сумняюся мала) яна зробіць не менш, а тое і больш, чым яе папярэднік Дзяніс Кучынскі.

Усё вырашыцца ў сераду, 26 кастрычніка. Чакаю там усіх сваіх ЕГУшных фрэндаў  🙂