Яшчэ раз пра гульню з шулерам

ЦВК усім выглядам працягвае паказваць, хто ў хаце гаспадар. Спачатку абмежавалі колькасць назіральнікаў да трох чалавекаў [1] (фактычна да гарантавана сваіх людзей), потым у Гомельскай вобласці Ціханоўскай выканкам дазволіў [2] пікетаваць толькі з 9:00 да 12:00 і з 20:00 да 22:00.
 
Скажыце, вось тэарэтычна, што перашкаджае выканкамам проста зараз узяць і забараніць любыя пікеты за Ціханоўскую? Ну, увогуле. Сур’ёзна, вось хто іх спыніць, нават калі яны захочуць гэта зрабіць? Ніхто. Могуць, і ўсё тут. І не робяць толькі таму, што пакуль лічаць, што сітуацыя пад кантролем.
 
То бок мы зноўку прыходзім да таго ж самага: гэтак званыя “выбары” – гэта ад пачатку і да канца кантраляваная рэжымам працэдура, у якую сам жа рэжым набірае ўдзельнікаў, дзейных асобаў і гульцоў, і сам жа з’яўляецца кантролерам гэтай гульні. І тут я наноў падыходжу да тэмы, якую ўзняў у відэа аб байкоце [3] – байкот гэта не толькі сітуацыйнае дзеянне, гэта яшчэ і дэлегітымізацыя інстытута выбараў, а значыць, і ўсёй дзяржавы як такой. Адмаўляючы дзяржаве ва ўдзеле ў ейных інстытутах, мы паказваем, што яна – далёкае ад нас паразытычнае ўтварэнне. Мы паказваем, што не намераны гуляць паводле ейных правілаў і не жадаем такой дзяржавы ўвогуле.
 
І адсюль адзін крок да думкі аб тым, што мы ў стане арганізаваць палітычнае кіраванне краінай і ўвогуле без яе.
 
А цяпер уявіце, колькі мільёнаў даляраў, колькі чалавека-гадзінаў патраціла апазыцыя, дапусцім, з 2001 года, на тое, каб удзельнічаць у гэтай заведама махлярскай працэдуры, на гэтую дурную пляску ў чужым спектаклі. Што можна было зрабіць з гэтымі рэсурсамі замест, замест таго, каб падаграваць уласнымі ж дзеяннямі легітымнасць рэжыма (бо ўдзельнічаеш – значыць, прызнаеш). Наколькі іх можна было б скарыстаць! Так што працэдуры байкоту і адмовы дзяржаве ў легітымнасці, вядома, трэба было пачынаць не ўчора, а куды раней. І тады да 2020 года мы б мелі мільёны людзей, якія ўвогуле не асацыююць сябе з гэтай уладай і ставяцца да яе, як да іншароднага паразытычнага цела.
 
Але пакуль маем тое, што маем.
 
[1] https://t.me/nexta_live/4639
[2] https://www.svaboda.org/a/30741525.html
[3] https://www.youtube.com/watch?v=9EnLLI9R1YU