Той факт, што Ціханоўскаму дакінулі 15 сутак – сведчанне несур’ёзнасці ўсіх тэорый змовы аб тым што ён, нібыта, агент уладаў. Я слаба ўяўляю сабе акцёра, які б пагадзіўся граць такую ролю на карысць КДБ. Гэта ж што трэба каб табе паабяцалі наўзамен?
Думаю, гэта варта расцэньваць як выпрабаванне на трываласць. Правяраюць – вытрымае ці падзе духам? Без сумневу, абстаўляюць унытрыкамернымі агентамі. Манітораць псіхалагічны стан, настрой, паводзіны.
У сувязі з гэтым прыгадалася свая гісторыя. У 2010 годзе, 3 верасня, мяне арыштавалі па падазрэнні ў здзейсненні акцый прамога дзеяння. Па законе з такім абвінавачаннем мяне маглі трымаць у ІЧУ толькі 3 сутак. Трое сутак прайшлі – ГУБАЗіК і КДБ так і не знайшлі дастатковых доказаў маёй віны (ніхто з паплечнікаў не «калоўся»). Мяне мусілі выпусціць. Аднак роўна па заканчэнні 72 гадзін мяне адвялі на першы паверх ізалятара, і замест таго каб аддаць шнуркі ад абутку, іншыя асабістыя рэчы і выпусціць да радных і сяброў, ад якіх мяне аддзялялі ўсяго толькі некалькі метраў і дзверы… падсунулі паперку і загадалі распісацца яшчэ за трое сутак затрымання. Па новым эпіздзе па 339 КК РБ, згодна з артыкулам 108 КПК РБ….
І так шэсць разоў.
Замест прапісаных у законе 3 сутак я правёў на ІЧУ 21 дзень. Пакуль менты не змаглі даціснуць самых слабенькіх з маіх паплечнікаў. Усе скаргі ў адпаведныя ворганы, вядома, сышлі ў сметніцу.
Гэта ўсё што трэба ведаць аб законе ў нашай краіне.
Ва ўладзе – арганізаваная злачынная групоўка. І закон будзе парушаны адразу як толькі пачне ствараць сур’ёзныя перашкоды для ўтрымання кантролю.