Я троху ў шоку. Беларускія СМІ ужо публікуюць інструкцыі, як засцерагчыся ад каронавірусу. Зайшоў на CNN – там увогуле гэта тэма нумар адзін. Нават імпічмент Трампа адсунула. Тэму абсмоктваюць з усіх бакоў, апытваюць экспертаў, посцяць абнаўленні ледзь не штохвіліну. У выніку ў чытачоў ствараецца ўражанне што гэта нешта мега-важнае, праблема сусветнага маштабу, мы на парозе катастрофы… Такое ўражанне фарміруецца мімаволі, калі бачыш што ўсе СМІ як заведзеныя, дзяўбуць аб адным і тым жа ўжо колькі дзён.
Пры гэтым, нагадаю, смяротнасць ад каронавіруса складае ўсяго 3,5% (ад звычайнага грыпу – 3%). У ЗША, чые СМІ раскручваюць тэму больш за ўсіх усяго два (!) выпадкі заражэння.
Агулам жа па свету – 800 заражаных і 27 загінулых ад каронавіруса. За тыдзень! Па ўсім свеце!
Затое па прагнозах СААЗ, у 2020 годзе за тыдзень ад таго ж СНІДу будзе гінуць 5700 чалавек штотыдзень. Аднак, пачакайце… дзе алармісцкія загалоўкі СМІ? Дзе паніка ў чатах? Дзе кріповыя відосы у TikTok?
Кажуць, нібыта вірус новы-невядомы. Фігня. Вірусы і бактэрыі муціруюць няспынна (гэтаксама як і амаль любы жывы арганізм). Штогод вірусолагі вынаходзяць па 3-4 новыя вірусы.
І няўжо я адзін заўважыў цыклічнасць гэтых панік? Птушыны грып, свіны грып, атыпічная пнеўманія… Памятаю, у 2009 годзе ў Мінску на хвалі свінога грыпу людзі рэальна хадзілі ў рэспіратарах, змяталі з прылаўкаў Арбідол і аксалінавую мазь, а па ЖЧ разганялі чуткі аб тым што памерлых на самой справе сотні, у моргах не хапае месца а трупы паляць па начах на Паўночных могілках. Чэсна-чэсна, у маёй мамы сяброўкі сын там працуе, сам бачыў!
Падкрэслю, я зараз кажу не пра рэакцыю ўрадаў і СААЗ (яны прадпрымаюць меры, і правільна робяць), і тым больш не сцвярджаю што з эпідэміямі не трэба змагацца. Я кажу менавіта пра раэкцыю медыяў: навіна ўжо добры тыдзень ідзе першым радком ва ўсіх сусветных СМІ і паніцы паддаюцца людзі, якіх гэта ну ўвогуле ніколі і ніяк не датыкнецца. То бок навінавоку каласальнай несуразмернасць небяспекі і ўвагі якая ёй надаецца.
У мяне, вядома, няма ўпэўненасці, што ўсе сусветныя СМІ знаходзяцца ў нейкай змове і прапіхіваюць павестку ў інтарэсах нейкіх лялькаводаў (Ротшыльдаў, рэптылоідаў і інш). Хутчэй за ўсё, яны проста гоняцца за наведвальнікамі і клікамі (болей клікаў – болей прыбыткаў ад рэкламы, усё проста). І ахвярамі гэтай гонкі робяцца мазгі людзей, якія з шараговай успышкі віруснай інфекцыі робяць глабальную катастрофу.
Вось пабачыце – не пройдзе і двух месяцаў як пра каронавірус забудуць. Як забылі пра “трэцюю сусветную” якой нас пужалі ўсяго пару тыдняў таму. Затое маніпулятары дадуць новую нагоду для панікі. Карацей, заклікаю ўсіх думаць сваёй галавой і надзённымі праблемамі а не праблемамі Уханя, якія амаль гарантавана нас не датыкнуцца.