Вельмі не хочацца каментаваць жоўтую прэсу, але калі так склалася, што яе чытае вялікая колькасць адэкватных людзей, то прыйдзецца.
Падлічым, колькі журналісцкіх і агульначалавечых этычных нормаў парушыла НН у гэтым матэрыяле:
1. У сцвярджальным тоне заявіла аб тым, хто зрабіў гэтае графіці: “аказваецца, 22 снежня 2018 года Паліенка і Чуліцкі намалявалі графіці з тэкстам”.
АКАЗВАЕЦЦА! Аказваецца Наша Ніва – дно. Прызнала людзей вінаватымі раней чым гэта зрабіў суд. Я ўжо маўчу пра тое, якую шкоду прынясе гэта, калі абодва адмаўляюць сваю віну (а я ўпэўнены што менавіта гэта яны і робяць).
2. Выдала інфармацыю, якую не ведала і не магла ведаць: “Анархісты былі ў масках, аднак праваахоўнікі здолелі ідэнтыфікаваць іх.”
Што, сур’ёзна? Вы з “праваахоўнікамІ” размаўлялі? А што калі АКАЖАЦЦА што гэта не яны малявалі?
3. Ахарактэрызавалі Паліенку ў 2х словах: “былы нацбол”: “Былы нацбол Дзмітрый Паліенка выйшаў на свабоду ў канцы 2018 года”.
Чаму не індывідуальны прадпрымальнік? Не “былы палітзняволены”? Не “актывіст анархісцкага руху?”. Не, менавіта былы нацбол. Так вастрэй, так саркастычней. Прагляды-прагляды-прагляды.
Гледзячы на тое як апошнія 2 гады НН піша аб анархістах, прыходжу да канчатковага выніку што гэта – іх рэдакцыйная палітыка. Абвінавачваць перш за пракуратуру, выносіць ацэначныя суджэнні і кляйміць людзей максімальна нягеглымі біркамі.
Пытанне, прынялі такую рэдакцыйную палітыку па сваёй волі, ці яна навязаная ім пагонамі, для мяне застаецца адкрытым.