Entries from October 2020 ↓

/Інфармацыя ад падпісанта. Добрая глеба для разважанняў і для абмеркавання ў чатах./

Я думаю пра прымененую сілавікамі тактыку супраць масавага марша 18.10.

1. Заграджальны атрад па ходзе марша.
2. Мабільная заслона ў канцы калоны.
3. Мабільныя групы і засады, што рухаюцца паралельна калоне.

Гэта тактыка смяротных абдымкаў – кляшчы, капкан, кальцо.

У гэты раз сілавую падпорку ў канцы калоны атрымалася прарваць – але ж там і было ўсяго толькі некалькі бусікаў. І яны прынялі для сябе правільнае рашэнне – адступіць. І, як звычайна, хапаць тых, хто разыходзіцца.

Яна апрабавалі гэты план, засталося папрацаваць над відавочнымі памылкамі.

Дастаткова заблакаваць калону сзаду вадамётамі, бронікамі, а сілавікоў рассадзіць не па бусіках, а пусціць армейскія грузавікі з тэнтамі. Бусікі – у двары па флангах. І лавушка захлопнецца.

Трэба думаць, як гэтаму магчымаму сцэнару супрацьстаяць.

А калі папрасіць кіроўцаў падперці калону сзаду? Што гэта дасць?
Дасць пробку ў хвасце калоны.
Калі аўто займуць абодва бакі дарогі (правы і левы) – то абаронна, здаецца, будзе.

Што рабіць з флангамі?

Прасіць жыхароў суседніх дамоў папрацаваць дазорнымі?
Прычым, не спадзявацца на інтэрнэт ці мабільную сувязь (нават калі ўсё запрацуе, часу на апавяшчэнне сыйдзе шмат: пакуль скінеш інфу ў той жа NEXTA, пакуль яны пабачаць, пакуль апублікуюць). Можа, лепей пры заўважанні сілавікоў у дварох падаваць гукавыя сігналы? Тады варта вызначыцца, якія.

/Ад падпісанта/

Не магу не падзяліцца такой вясёлай інфой.
У адной бюджэтнай арганізацыі быў план колькасці людзей на ябацькінг – 300 чалавек. Змаглі знайсці/набыць/угаварыць/запужаць толькі 11 чалавек з 300. А, на хвіліначку, гэта 3.67%. ???? з улікам статыстычнай хібнасці – гэта тыя праславутыя 3%. Пераследуюць яны нас паўсюль.????

P.S. Так, і не верце заявам пра каронавірус. Увясну гэта не замінала ўладам праводзіць суботнікі і г.п. мерапрыемствы.
Дзякуй за вашыя выдатныя пасты і аналітыку – прыемна чытаць.

Да ўсеагульнай забастоўкі 26 кастрычніка яшчэ ёсць час

А для таго каб паўдзельнічаць у агітацыйнай працы, вам патрэбна толькі паўгадзіны. Спампаваць файл, раздрукаваць улёткі і раскідаць па суседніх пад’ездах. Можна таксама расклеіць на прыпынках і слупах.

Памятайце: дагэтуль далёка не ўсе беларусы ў курсе нашай павесткі і чытаюць нашыя тэлеграм-каналы. Улёткі на вуліцах і ў пад’ездах – гэта не толькі інфармаванне, гэта і стварэнне належнай атмасферы для гараджан. Кожны мусіць бачыць, што рыхтуецца нешта грандыёзнае!

Агулам, робім свой унёсак.

Улётка “Уся ўлада дварам” ад анархістаў.
А таксама яшчэ адна падборка самых розных анарха-ўлётак, што прасоўваюць ідэі самакіравання і народнага паўстання.

Цэнтральнае сховішча агітацыйных матэрыялаў.
Агітка2020, таксама мноства ўсяго.

Абсалютна незвязаныя між сабой здарэнні

Пра злых зэкаў

Заўчора інфармацыйная прастора выбухнула навінай: улады звозяць на мітынг Ябацек у нядзелю… папраўчую калонію пад Віцебскам! Навіна была напісаная ў такім стылі і з такімі ілюстрацыямі, што сумневаў не заставалася: на мітынг будуць звазіць зэкаў! Нават не паспрабаваўшы праверыць інфармацыю, што вывалілі “кулуары KYKY”, яе пачалі шалёна рэпосціць іншыя каналы.
 
Чытаць гэта проста дзіка.
 
Па-першае, любыя перасоўванні вязняў па-за межамі калоніі магчымыя ТОЛЬКІ пад канвоем. А гэта: узброенныя аўтаматчыкі, службовыя сабакі і адмысловы транспарт: адмыслова абсталяваныя аўтазакі і вагоны. Пры неабходнасці ўжываюцца спецыяльныя сродкі: ручныя і нажныя кайданы. Гэта строга вызначаны алгарытм дзеянняў. Усе рухі вязняў – толькі згодна з камандамі. У перапынках паміж рухам дазволена толькі сядзець на карачках тварам уніз. Нават глядзець па баках забаронена, можа прыляцець прыкладам. Пабег нават аднаго вязня – гэта надзвычайнае здарэнне рэспубліканскага машабу.
 
І вось гэтых людзёў проста так бяруць і звозяць у цэнтар горада на мітынг. Так, дарэчы, іх яшчэ трэба і пераапрануць, бо ўсе яны – у формавых чорных робах з нагруднымі знакамі. Ну, сапраўды, чаму б не? Выглядае вельмі праўдападобна.
 
Так, існуе такое паняцце, як “расканвойка”, калі вязні з невялікімі тэрмінамі і якім засталося сядзець няшмат, могуць працаваць па-за межамі калоніі. Але гэты тып змягчэння рэжыма ў нас амаль не ўжываецца.
 
Па-другое, у калоніі ўзмоцненага рэжыма №3 пад Віцебскам знаходзіцца недзе 1000 вязняў, плюс-мінус. У навіны ж неназваная крыніца піша пра “адзін аўтобус”. Ёмістасць аўтобуса – 60 чалавек. Увесь цвярозы розум гаворыць нам аб тым, што, хутчэй за ўсё, на мітынг звозяць супрацоўнікаў калоніі (кадравых супрацоўнікаў МУС).
Ну, ці хочуць раздаць ім шчыты і шлемы, каб стаялі ў ачапленні.
 
Ну, і па-трэцяе, улічваючы ўсе сказанае вышэй, няўжо вы думаеце, што ўлады не могуць знайсці больш простую і даступную масоўку на мітынг? Але не, ужо пайшлі шызафрэнічныя каментары аб тым, што ЗЭКАЎ ЗВОЗЯЦЬ ДЛЯ ПРАВАКАЦЫЙ СУПРАЦЬ МІРНЫХ ПРАТЭСТОЎЦАЎ!!!! Рукатвар. У людзей у галовах тоны страшных стэрэатыпаў, чамусьці яны ніяк не могуць зразумець, што вязні калоній (прынамсі агульнага/узмоцненага рэжыма) гэта такія ж людзі, як яны самі. Не гаворачы ўжо аб тым, што прыхільнікаў рэжыма сярод іх амаль няма, наадварот, гэтыя людзі азлобленыя на ўладу куды болей, чым сярэднестатыстычны гараджанін, бо прайшлі ўсе колы міліцэйска-судовага пекла. Можна было б паразважаць аб тым, які нязначны адсотак вязняў, нават улічваючы іх паднявольнасць, пагадзіўся б удзельнічаць у мітынгу ябацек, калі б сама гэтая навіна пра звоз зэкаў на мітынг не была б лухтой і глупствам.
 
Дзеля справядлівасці NEXTA потым зрабілі дапаўненне [1] аб тым, што гаворка ідзе аб супрацоўніках калоніі, але першакрыніца, што пусціла паўфэйкі ў інфапрамтору, вырашыла гэтым не запарвацца.
 
[1] – https://t.me/nexta_live/11786

Конспирология и Шульман

Я часта і памногу пішу пра пачварную шкоду канспіралогіі для інфармацыйнай прасторы і нашай палітычнай сферы. Але лепей за мяне аб гэтым гаворыць тытулаваная паліталагіня Кацярына Шульман.
 
“…Конспирологическое мышление построено на разделении мира на демиургов и массу. Есть тайное правительство, есть тайная организация (спецслужбы, масоны, иллюминаты, Бильдербергский, опять же Ротшильды и рептилоиды, куда без них, евреи, чекисты, – неважно). Они управляют. У них есть план. Они этот план претворяют в жизнь.
От поклонников конспирологии мы слышим часто фразы типа: “Не дайте себя использовать!”. А как не дать себя использовать? – А ничего не делать! Конспирология снимает с человека ответственность за свою жизнь и за окружающее его пространство. Конспирология обесценивает любую деятельность: потому что она либо бессмысленна, потому что есть могучие силы, против которых не попрешь, – либо она встроена в план этих могучих сил, и что бы вы ни делали, как бы вы ни барахтались, вы способствуете реализации этого сценария, который задумал рептилоид в бункере… Таким образом, конспирологическая теория, давая вам вот это ложное чувство привычности и безопасности… продуцирует в вас пассивность”.

Катэгарычна раю ейнае відэа да прагляду. Коратка, зразумела і карысна. Карысней, чым відэаблогераў, у якіх усе апрача іх – агенты крамля і ААЦ.
 


Часта пішуць з просьбай пракаментаваць знікненне, а потым з’яўленне Максіма Шабуцкага

Пакуль я збіраўся гэта зрабіць, ён сам з’явіўся і ўсё расказаў.

 
Мая думка наконт Шабуцкага не змянілася: я яму веру. Я веру, што ён сапраўды той, за каго сябе выдае: рэвалюцыянер і прыстойны чалавек. Чаму – падрабязна патлумачыў у сваім даўнім пасце [1]. Мая думка не змянілася.
 
Абсалютная большасць людзей, якія вінавацяць Шабуцкага ў правакатарстве, паглядзела некалькі хвілінаў ягонага відэа і не сталі разбірацца. Прасцей жа сказаць, што любы невядомы табе раней радыкал – правакатар і КДБшнік. Прыкідвайся вялікім спецам па агентуры і ў вачах галоднай да простых адказаў аўдыторыі адразу сыйдзеш за разумнага. Аднаму нашаму блогеру-уфолагу і ўвогуле “па сакрэце” паведамілі, што Шабуцкі – гэта праект ААЦ! (смех у залі). Людзі, прашу, кідайце канспіралагічнае мысленне. Яно скажае рэчаіснасць і вынішчае магчымасць разважлівага аналізу.
 
Я паглядзеў усе ролікі Шабуцкага (а іх там, нагадаю, болей за 30 гадзін) і прачытаў увесь план “Багратыён” (за выключэннем гістарычнай часткі). І я зрабіў гэта не для таго, каб даведацца чагосьці новага, а каб канчаткова вызначыцца ў сваёй думцы наконт гэтага чалавека. І гэтая думка засталася ранейшай.
 
Чалавек, які гарлапаніць, што ўсе вакол мянты і правакатары, мала таго што, хутчэй за ўсё, не турбуе сябе складанымі мыслёвымі канструкцыямі, так яшчэ і сее ў нашай супольнасці падазрэнне і параною, тым самым робячы за мянтоў вялізны кавалак працы.
 
Памятайце, сябры, аб брытвы Акама. Не стварайце сутнасцей. Самае простае тлумачэнне, як правіла, будзе самым слушным. Не варта тлумачыць мудрагелістымі канспіралагічнымі тэорыямі тое, што можа быць патлумачана простымі прычынна-выніковымі сувязямі. А тое ў нас палова блогераў – гэта Кісялёвы наадварот. У таго за кожным палітычным працэсам у любым пункце света стаіць Амерыка. А ў ніх – Пуцін ці КДБ.
Цяпер Шабуцкі выкладае ролікі з уласным планам дзеянняў. Амаль з усім згодзен. Маюцца перагібы ў бок гвалту, але агулам падыход сістэмны і інтэлектуальны. Відаць, што папрацаваў над памылкамі.
 
[1] – https://t.me/MikolaDziadok/3708

Два мільёны экстрэмістаў

Думаю, усе ўжо чыталі навіну пра прызнанне канала і лагатыпа NEXTA экстрэмісцкімі [1]. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, дзіўна толькі, што гэта адбылося так позна. Тлумачым, чаму гэта ўвогуле стала магчымым у Беларусі.

Як і ў выпадку з міліцэйскім самачынам, з антыэкстрэмісцкім заканадаўствам мы мелі заўсёдны нарастальны ціск Сістэмы на асобныя групы людзей: маргіналізаваныя, стыгматызаваныя, якія не маюць уплывовай грамадскай абароны. У 2006 годзе, пасля першай Плошчы, быў прыняты закон “аб супрацьдзеянні экстрэмізму” [2]. Апрача відавочнай рэпрэсіўнай скіраванасці, галоўнае ў ім – гранічна расплывістае вызначэнне экстрэмізму, прыкладам, у адным з пунктаў, экстрэмізм вызначаецца як “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ЦІ ІНШАЙ сацыяльнай варожасці ці розні”, а пад паняцце “экстрэмісцкай дзейнасці” трапляла, прыкладам, “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці ці ІНШАЯ садзейнасць у ейным здзяйсненні”. Увогуле, закон, як у нас вядзецца, пісаўся навырост, каб пад экстрэмізм пры жаданні можна было б падвесці ўсё, што патрэбна карнай сістэме.

Доўгі час прымяненне закона адпрацоўвалася на анархістах, футбольных заўзятарах, ультраправых і мусульманах. Яшчэ ў 2016 годзе былі абвешчаныя экстрэмісцкімі і заблакаваныя сайты і паблікі анархісцкіх групаў “Прамень”, “Анархічны чорны крыж – Беларусь” і іншых. Гэта выклікала досыць кволую грамадскую рэакцыю. У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўнесеныя таксама анархічныя кнігі, у тым ліку сусветна вядомых пісьменнікаў, напрыклад, “Анархія працуе” Пітэра Гелдэрлаоса і нават DIY-зін “Свабода або смерць”, які я выпускаў у 18 гадоў [3].

Увогуле, праславуты Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў [4] стаў узорнай дэманстрацыяй чыноўніцкага маразма ў Беларусі. У ім можна сустрэць такія пазіцыі, як, напрыклад, “Брошь серого цвета” або “аудиофайл 196296.mp3”, “диск с надписью Go Vegan!” (Гэта ўсё цытаты, я не выдумляю), расійскі забаўляльны паблік “Контур гусі” з 1,7 млн падпісантаў і гэтак далей.

Прадчуванне таго, што хутка абвінавачванне ў экстрэмізме стане ідэальнай зброяй для расправы з усімі іншадумцамі, прымусіла мяне зняць яшчэ ў чэрвені 2018 года аналітычнае відэа пра феномен “барацьбы з экстрэмізмам” [5]. У ім я сказаў, што ўсё ідзе да таго, што ўчора экстрэмістамі абвяшчалі анархістаў і нетрадыцыйные рэлігійныя супольнасці, сёння – футбольных заўзятараў і найбольш радыкальную апазіцыю, пазаўтра экстрэмізмам абвесцяць увогуле любую вострую крытыку ўлады. Роўна гэтае і адбылося праз 2 гады з невялічкім.

Гледзячы, што тэма нармальна пракатвае і грамадству няма справы, МУС, вядома, пайшло далей, ва ўгары пачаўшы забараняць субкультурныя абрэвіятуры ACAB і СЛОН, у рэальнасці даходзіла да таго, што хлопцаў з такімі нашыўкамі затрымлівалі проста на вуліцы. Людзей пачалі штрафаваць і саджаць на содні за рэпосты з “экстрэмісцкіх” паблікаў, нават калі рэпост быў зроблены яшчэ да абвяшчэння пабліка экстрэмісцкім. У спробах абудзіць якую-небудзь грамадскую хвалю з гэтай нагоды ў лютым 2019 года я пачаў кампанію ЯЭКСТРЕМИСТ [6], у межах якой збіраў подпісы за адмену закона пра супрадзеянне экстрэмізму, друкаваў і ляпіў налепкі, рабіў значакі (дарэчы, дагэтуль раздаю :), пісаў мноства пастоў і даваў каментары тым нямногім СМІ, якія гэтым зацікавіліся, дэманстратыўна фатаграфаваўся з “экстрэмісцкімі” абрэвіятурамі ў цэнтры горада. А галоўнае – праводзіў флэшмоб “#яэкстремист”, заклікаючы людзей смела размяшчаць у сябе ў сацсетках любы матэрыял са Спіса і суправаджаць крато, бо ўсе гэтыя законы скіраваныя на запужванне і аб’ектыўна у Сістэмы няма рэсурсаў вылічыць і пакараць усіх. Масавым жа распаўсюдам мы фактычна адмяняем гэты закон самі, знізу, бо калі пакарання за парушэнне няма, то і няма закона. Калі ж мы запусцім сітуацыю, то прыйдзем да расійскага варыянта, дзе 2 гады калоніі за мемасік ужо нікога не здзіўляюць.

Вынікі мабілізацыі аказаліся скромнымі: у флэшмобе паўдзельнічала 39 чалавек, але, дарэчы, адміністратыўкі па 17.11 КаАП атрымалі толькі чацвёра. Вядома, калі б я ведаў, што суд Цэнтральнага раёна падгоніць мне два мільёны ўдзельнікаў для флэшмоба, то я б нават не рыпаўся ????

Сваім дзеяннем улада вельмі дапамагла палітычным радыкалам і прыхільнікам пераменаў. Абражаючы экстрэмістамі 2 мільёны чалавек (цяпер кожны, хто мае ў Тэлеграме падпіску на NEXTA, тэарэтычна можа быць прыцягнуты па 17.11 КаАП), яны чым далей, тым болей дэвальвуюць гэты тэрмін, паказваючы, што каб стаць экстрэмістам, не трэба быць крыважэрным урвіцелем-баевіком, а дастаткова чытаць тое, што не паказваюць па тэлевізары. То бок улада думала запусціць сваю колішнюю зброю ідэялагічнай гегемоніі: аперуючы дыскурсам “нармальнасці”, выціснуць за межы прымальнага, паставіць па-за законам усіх іншадумцаў, і тым самым растлумачыць расправу. Аднак крыху памыліліся з маштабам і эфект атрымаўся рыхтык супрацьлеглы. Слова “экстрэміст”, што раней мела негатыўнае адценне, цяпер высілкамі самой улады перафарматуецца і пераўтвараецца ў сінонім вальнадумца і смяльчака. Дарэчы, такое ж самае здарылася са шмат якімі мянушкамі бунтароў, прыкладам, словы “санкюлот” [7], “гёз” [8], “анархіст” пачаткова таксама сталі прыніжальнымі ярлыкамі, а потым пераўтварыліся ў саманазвы.

Менавіта пагэтаму я лічу не зусім паспяховым рашэннем тое, што NEXTA змяніў лагатып і назву. Патрэбна было, наадварот, ісці на поўную канфрантацыю, паказваючы тым самым, што гэта мы тут вырашаем, што дапушчальна, а што не, што рэальная ўлада за намі. Відавочна, што дзяржава не ў стане прыцягнуць да адказнасці нават 1% з 2 млн падпісантаў. І гэты факт, як нішто іншае, мог бы дэманстраваць нашую сілу і іх бяссільнасць. У выпадку, калі дзяржава навязвае цэнзуру, найлепшы спосаб барацьбы – гэта прамое дзеянне. Мы чытаем, глядзім і рэпосцім тое, што хочам, і дзяржава нам не ўказ. Імкнучыся граць, як раней, роль старога бацькі, які вырашае за неразумных дзетак, што ім можна, а што не, дзяржава спарахнела да старэчай заслоны ў вачох: беларусы даўно выраслі.

[1] – https://42.tut.by/704735
[2] – https://www.pravo.by/document/?guid=3871&p0=H10700203
[3] – https://mikola.noblogs.org/?p=513
[4] – http://mininform.gov.by/documents/respublikanskiy-spisok-ekstremistskikh-materialov/
[5] – https://youtu.be/Y59SPWr7mEI
[6] – https://mikola.noblogs.org/?p=3083
[7] – https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D1%8E%D0%BB%D0%BE%D1%82%D1%8B
[8] – https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%93%D1%91%D0%B7%D1%8B

Здаровае харчаванне ва ўмовах эканамічнага крызісу

Вельмі актуальны артыкул даслаў падпісант

 

Зараз мы навучымся рэцэптам здаровай і пажыўнай ежы на выпадак розных крызісаў. Да таго ж зможам за нядорага зрабіць рэзервы харчавання, для кармлення як сабе і сваіх знаёмых, так і іншых асобаў у патрэбе.

Сачавіца (зялёная), маш, нут. Шукаем на рынках, у прыватнасці камароўка. Кілаграм каштуе каля 5-7 рублёў, у звычайных крамах, хутчэй за ўсё, цэннік неадэкватны, таму на рынках ці адмысловых крамах на разважанне.

Запасаемся з разліку хаця б 10 кг на чалавека. Захоўвацца яно можа вельмі доўга.

Правільна прыгатаваныя, яны з’яўляюцца здаровай і пажыўнай ежай (гугл у дапамогу). У адрозненне ад кашаў і гародніны, наесціся досыта можна нават невялікай порцыяй. У складзе дастаткова бялкоў, павольных вугляводаў, абалоніны і мікраэлементаў. На адным гэтым рацыёне можна пратрымацца доўга і з карысцю для здароўя.

Як гэта гатаваць: спачатку прарошчваем, прасейваем на талерачцы ад камяшкаў абавязкова, прамываем, заліваем вадой, ставім у цёплае месца ад дня да трох. Калі болей за дзень – ваду трэба мяняць, можа забрадзіць. У такі тэрмін зярняткі разбухаюць і пачынаюць прадзёўбвацца. Тыя, хто хоча, можа прарошчваць далей да парасткаў, так нават карысней.

На порцыю ежы патрэбна прыблізна траціна кубка (60 мл) сухіх зерняў. Улічвайце, зярняткі моцна разбухаюць. Прарошчанае можна з’есці ў сырым выглядзе (калі здолееце), але рэкамендуецца абліць кіпнем, каб не падхапіць заразу. У сырым выглядзе яно карыснейшае, але, калі зварыць, кушаць нашмат прыемней. Доўга варыць не трэба, страчваюцца карысныя ўласцівасці. Далей закідваем соль, спецыі і аліўкавы алей, атрымліваецца смачна.

Прарошчваць можна роўна столькі, каб з’есці ці зрабіць запасы ў лядоўні.

Аліўкавы алей (не сланечнікавы!) наш другі важны інгрыдыент (бо амега-9). Бяром аліўкавы алей з мінімальнай апрацоўкай і без прымясяў (нятанна, але ён таго варты і хопіць яго надоўга). Дадаем лыжку пасля варкі (на аліўкавым алеі не гатуюць, дадаюць пасля). Пажадана мець некалькі літраў у запасе на чалавека. Захоўваем у цёмным прахалодным месцы.

Супербюджэтны варыянт – пшаніца і іншыя зярнавыя. За смешныя грошы можна набыць некалькі мяшкоў (50 кг мяшок), і гэтага хопіць на вельмі доўга (ці на многіх). Шукаем па аб’явах. Спосаб гатавання такі ж самы, але прарошчваць трэба даўжэй, хутчэй ад трох дзён. Пшаніца не такая прыемная ў спажыванні, але на крызіс згадзіцца. Яе лягчэй з’есці, калі пракруціць у мясарубцы. Пракручваць трэба пасля варкі, інакш заліпае. Пракручанае можна высушыць, каб зрабіць запасы хуткага гатавання, і потым зноў размачваць.

Гэтыя рэцэпты можна ўжываць тут і цяпер, гэта дазволіць моцна эканоміць на ежы, зменшыць спажыванне ці ўвогуле адмовіцца ад дарагіх прадуктаў (прыкладам, мяса). Заходзячы ў краму, лічыце самі – адна катлетка каштуе некалькі рублёў, на гэтыя грошы можна і здаравей харчавацца цэлы тыдзень.

Далей будзе яшчэ некалькі парадаў, як падняць сваю эфектыўнасць і здароўе падчас крызісу і пры гэтым з’эканоміць.

Крыніца

Усе гэтыя пераводы палітвязняў на хатні арышт і пад падпіску пра нявыезд ёсць вынік нашай з вамі настойлівасці і штодзённых высілкаў.

Калі б пратэсты скончыліся праз два тыдні пасля выбараў, нельга было б і блізка разлічваць на тое, што хоць хтосьці выйдзе з СІЗА да суда.
 
Кропля камень точыць. І нашыя пратэсты, самаарганізацыя, партызанскія вылазкі, штодзённы ціск на ўладу ў мностве пунктаў і ў шмат якіх формах даюць свой плён.
 
Але важна не супакойвацца. Пакуль адныя ласкава даюць хатні арышт і падпіску пра нявыезд, іншым ужо даюць турэмныя тэрміны. Трое хлопцаў (Яўген Петрачэнка, Павел Пяскоў, Уладзіслаў Еўсцігнееў) ужо атрымалі ад 3 да 3,5 гадоў пазбаўлення волі за тое, што давалі адпор карнікам, а пенсіянер з Мінска Сяргей Кузняцоў атрымаў паўтары гады хіміі за тое, што абараняў свой дом ад АМАПаўцаў [1]. Наноў старая, як свет, пастка: дадзім патуранне “вярхам”, каб тыя ўціхамірылі сваіх пешак. Так, улады менавіта так і ўспрымаюць сітуацыю: ёсць лялькаводы (Шкляраў, Салей, Знак, Уласава), а ёсць пехацінцы пад іх кіраўніцтвам. Дастаткова знайсці агульную мову з лялькаводамі і тады пехату можна караць з усёй строгасцю.
 
То бок так, яны экстрапалююць прыладу сваёй Сістэмы на наш пратэстны рух. Не варта іх угаворваць і пераконваць – варта проста змагацца за кожнага нашага вязня так, нібы гэта лідар пратэста.
 
[1] – https://t.me/viasna96/2772